Аўтар фільму, журналіст-дакумэнталіст Украінскай службы Радыё Свабода Дзьмітро Джулай, прааналізаваў дзясяткі гадзін радыёперамоваў паміж расейскімі падразьдзеламі, якія спрабавалі атачыць і захапіць Кіеў у пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі.
Свабода змагла пацьвердзіць сапраўднасьць запісаў, сыстэматызаваць іх і вылучыць ключавыя эпізоды.
Апублікаваныя перахопы фіксуюць паступовую дэзарганізацыю расейскіх войскаў у апошнія тыдні баёў за Кіеў у выніку жорсткага супраціву Сілаў абароны Ўкраіны.
Выявіліся наступныя чыньнікі:
- праблемы з сувязьзю і каардынацыяй,
- няспраўнасьць абсталяваньня,
- дэфіцыт харчаваньня,
- страты,
- брак дысцыпліны,
- нізкі маральны дух,
- канфлікты.
У радыёперахопах, якія праслухаў Дзьмітро Джулай, расейскія вайскоўцы скардзяцца, у прыватнасьці, на працу ўласнай артылерыі, якая часта прамахвалася або нават лучала па расейскіх пазыцыях.
Радыёэтэр сьведчыць пра пагардлівае стаўленьне расейскіх камандзіраў да сваіх падначаленых.
У запісах ёсьць доказы ваенных злачынстваў расейскай арміі, у тым ліку артылерыйскіх абстрэлаў населеных пунктаў у Кіеўскай вобласьці — Макарава і суседніх сёлаў.
Згодна з інфармацыяй Свабоды, адным з падразьдзелаў, якія ўчынялі атакі на жылы сэктар, была 64-я асобная мотастралковая брыгада з Хабараўскага краю пад камандаваньнем Азатбека Амурбекава.
Запісы сьведчаць, як спэцыяльныя падразьдзелы Расгвардыі праводзілі зачысткі будынкаў і кватэраў у Бучы і Ірпяні. Зафіксаваныя загады красьці і забіваць.
Апублікаваныя запісы даказваюць, што расейскія войскі адышлі з Кіеўскай вобласьці ня ў выніку так званага «жэсту добрай волі», абвешчанага Крамлём, а праз паразу на полі бою і страты.
Радыёперахопы таксама сьведчаць, што расейская армія працягвала інтэнсіўна і без разбору абстрэльваць гарады і сёлы Кіеўскай вобласьці, прыкрываючы адвод сваіх сілаў.
Расеі ўдалося арганізаваць вывад сваіх падразьдзелаў з украінскай сталіцы, а пазьней узмацніць імі свае акупацыйныя групоўкі на ўсходзе і поўдні Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баўгарская кампанія спрабуе праз суд разблякаваць сканфіскаваную ва Ўкраіне беларускую мэталяпрадукцыю- Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
- Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
- У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
- За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 100 тых, хто ваяваў на баку Расеі.