На Берасьцейшчыне раптоўная праверка сілаў МУС. Па трывозе падымуць спэцыяльныя падразьдзелы і ў іншых рэгіёнах

Вучэньні спэцыяльных падразьдзелаў МУС у Століне ў 2024 годзе. Ілюстрацыйнае фота

У Берасьцейскай вобласьці праходзяць камандна-штабныя вучэньні сілаў, якія ўваходзяць у структуру Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі.

Як адзначаецца ў паведамленьні міністэрства, асноўная мэта вучэньняў — «праверка ўзаемадзеяньня міліцыі з усімі зацікаўленымі пры працы ў асаблівых умовах».

«З мэтай раптоўнай праверкі міністар упершыню ўхваліў рашэньне аб унясеньні зьменаў у хаду вучэньняў. У прыватнасьці, мова ідзе аб пазаплянавых зыходных, падняцьці па трывозе спэцпадразьдзелаў зь іншых рэгіёнаў. Другі этап прадугледжвае практычны складнік», — паведамілі ў МУС.

На вучэньні прыехалі міністар Іван Кубракоў і яго намесьнік — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў. Першая фаза раптоўнай праверкі праходзіць на базе абласнога ўпраўленьня ўнутраных справаў. Удзельнікі абмеркавалі «тэарэтычныя аспэкты гарантаваньня бясьпекі ў выпадку рэзкай зьмены апэратыўнай абстаноўкі».

У МУС адзначылі, што ўдасканалілі альгарытм прыкрыцьця дзяржаўнай мяжы, стварэньня рэзэрваў, іх сучаснай перадысьлякацыі пры патрэбе, а таксама змадэлявалі розныя варыянты разьвіцьця падзеяў, вызначылі дзеяньні міліцыянтаў і іншых сілаў у канкрэтных сытуацыях.

Нядаўна ў Беларусі завяршылася раптоўная праверка Ўзброеных сілаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі праз шэсьць дзён пасьля завяршэньня маштабнай праверкі зноў абвясьцілі вайсковыя вучэньні