Жаночая змова з мэтай захопу ўлады. Што вядома пра справу васьмёх беларусак, асуджаных 19 сакавіка

Жаночая акцыя пратэсту ў Менску ў жніўні 2020 году. Архіўнае фота

19 сакавіка ў Менску вынеслі прысуд у гучнай «справе дваровых чатаў». Васьмёх жанчын абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» і асудзілі на тэрміны ад 8,5 да 10 гадоў. Расказваем пра гэтую справу падрабязьней.

19 сакавіка ў Менску пасьля закрытага працэсу вынеслі прысуд у гучнай «справе дваровых чатаў». Васьмёх жанчын абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Сьвятлану Мяцельскую асудзілі на 10 гадоў, Дзіяну Гаўрыліну і Вікторыю Грынько на 9 гадоў, Ірыну Якаўлеву, Анжэлу Агарак, Вольгу Осіпчык, Натальлю Дароніну — на 8,5 году калёніі кожную, Вользе Вараб’ёвай прызначылі 8 гадоў і 3 месяцы пазбаўленьня волі. Усім жанчынам таксама далі штрафы па 1000 базавых велічыняў.

25 сакавіка усіх асуджаных 19 сакавіка жанчын праваабаронцы прызналі палітзьняволенымі.

Мужа памілавалі, жонку ў той жа дзень пасадзілі на 8 з паловай гадоў

Пра асуджаных у «справе дваровых чатаў» жанчын вядома няшмат. Усіх іх затрымалі падчас масавых арыштаў 31 кастрычніка 2024 году — аблавы тады прайшлі па ўсёй Беларусі. Некаторых затрыманых тады ж асудзілі і адправілі за краты. Некалькі чалавек з той партыі асуджаных былі памілаваныя літаральна ў дзень суду над новымі ахвярамі. Да прыкладу, 60-гадовая былая завуч, настаўніца матэматыкі 34-й гімназіі Менску Марына Петражыцкая, 50-гадовы Сяргей Даронін, 63-гадовая Сьвятлана Кашкель, шматдзетная маці Марыя Дзейчык.

Драматычная гісторыя адбылася зь Сяргеем і Натальляй Даронінымі з Горак. Сужэнцаў затрымалі разам у кастрычніку 2024 году. 50-гадовага рабочага Сяргея Дароніна даволі хутка асудзілі на два з паловай гады зьняволеньня — за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні» (ч. 3 арт. 361‑1 Крымінальнага кодэксу). Ён адбываў пакараньне ў магілёўскай ПК-15.

Дваравая акцыя пратэсту ў Менску. Жнівень 2020 году. Ілюстрацыйнае фота

Натальлі Даронінай выставілі абвінавачаньні паводле цяжэйшага артыкулу — «змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады» (ч. 1 арт. 357 КК), плюс той самы 361‑1, ч. 3, і яна паўтара года была пад сьледзтвам. Праваабаронцы прызналі яе палітзьняволенай раней за астатніх. Жанчына родам з Санкт-Пецярбургу, але большую частку жыцьця пражыла ў Беларусі. Была індывідуальнай прадпрымальніцай, гандлявала ў кіёску ў Горках.

19 сакавіка, у той дзень, калі Сяргея Дароніна памілавалі разам зь вялікай партыяй іншых палітвязьняў (250 чалавек), пакінуўшы ў Беларусі, ягоную жонку Натальлю прызналі «змоўніцай» і прызначылі ёй 8,5 году калёні.

58-гадовая Ірына Якаўлева, асуджаная таксама на 8,5 году, працавала бухгальтаркай у Менску. Яна праваслаўная верніца, ахвяравала на храмы і манастыры ў Беларусі, паведамляе «Хрысьціянская візія». Якаўлеву, як і астатніх асуджаных на вялікія тэрміны жанчын, затрымалі 31 кастрычніка 2024 году. Напярэдадні па ўсёй Беларусі адбыліся масавыя затрыманьні актыўных удзельнікаў дваровых чатаў. Тады КДБ паведамляў, што шэраг дваровых чатаў з усёй краіны нібыта «спрабавалі аб’яднацца ў арганізацыю».

Раней за дваровыя чаты давалі па 2–3 гады, цяпер па 8–10

Затрыманых за актыўны ўдзел у дваровых чатах ў 2021–2003 гадах і нават некаторых затрыманых у кастрычніку 2024 годe асудзілі на тэрміны ад 2 да 3 гадоў. Адкуль цяпер узяліся тэрміны ад 8,5 да 10?

Праваабаронца «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва тлумачыць, што раней актыўным удзельнікам дваровых чатаў ставілі ў віну пераважна артыкул 361-1 КК («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня ці ўдзел у ім»).

«А зараз паўсюль выкарыстоўваюць артыкул 357 — „змова або іншыя дзеяньні, зьдзейсьненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады“. У ім і тэрміны большыя: у частцы 1 — да 10 гадоў, у астатніх да 15 гадоў). Да яго звычайна далучаюць яшчэ і 361-ы артыкул. Прысуд можа быць максымальны яшчэ і таму, што гэтых жанчын палічылі „арганізатаркамі“. Карацей, з удзельнікаў дваровых чатаў робяць нейкую падпольную сетку, якая хацела ці хоча захапіць уладу. Гэтым усім займаецца КДБ — „раскручваюць“ людзей на вялікую справу. Наколькі нам вядома, у Беларусі зараз выклікаюць на „размовы“ нават проста людзей, якія ў супольных чатах (не дваровых) з тымі, хто ў дваровых чатах», — кажа праваабаронца.

Кароткая гісторыя стварэньня дваровых чатаў

Летам 2020 году масава пачалі стварацца тэлеграм-чаты ў дварах і мікрараёнах — як у Менску, так і ў рэгіёнах. Зьявілася мапа, якую зрабілі валянтэры, дзе кожны можа лёгка знайсьці свой лякальны чат.

Улада і сілавікі хутка сьцямілі, як імгненна распаўсюджваецца інфармацыя пра дваровыя канцэрты, чаяваньні, пра салідарнасьць і ўзаемадапамогу. І за дваровую актыўнасьць пачалі саджаць людзей у адміністрацыйных справах на «содні».

Раздача вады ў Новай Баравой. Восень 2020 году

Калі ў лістападзе 2020 году ў сталічным «пратэставым» мікрараёне Новая Баравая ўлады адключылі ацяпленьне і ваду, зымітаваўшы аварыю, практычна ўвесь Менск, з чатаў даведаўшыся пра пакуты жыхароў раёну, пачаў дапамагаць: неабыякавыя людзі падвозілі вялікія бутлі пітной вады, абагравальнікі, запрашалі незнаёмых да сябе.

У сакавіку 2021 году ГУБАЗіК заявіў, што выкрыў каля 1000 дваровых чатаў, і пагражаў 10 гадамі турмы іх удзельнікам.

«Так званыя дваровыя чаты атрымалі сваё разьвіцьцё пасьля спыненьня масавых вулічных пратэстаў восеньню мінулага году. Выяўлена звыш тысячы такіх чатаў, больш за палову знаходзіцца ў Менску і Менскім раёне. Мы вылучылі найбольш радыкальныя, якія носяць экстрэмісцкі характар. Іх адміністратары будуць прыцягнутыя да адказнасьці», — гаварылася ў папярэджаньні.

Літаральна празь некалькі дзён ГУБАЗіК адрапартаваў аб затрыманьні сямёх актыўных удзельнікаў закрытага дваровага чату ў Маскоўскім раёне Менску дзякуючы сыгналу «неабыякавых грамадзян», якія паведамілі пра «дэструкцыйную скіраванасьць» чату.

Актыўных удзельнікаў дваровых чатаў «вылічвалі» і затрымлівалі пастаянна, звычайна невялікімі групамі.

29 лістапада 2024 году Камітэт дзяржаўнай бяспекі абвесьціў «экстрэмісцкім фармаваньнем» групу ўдзельнікаў дваровых суполак. Групу назвалі словам «Ордэн», у лік суполак запісалі «Злые когтики», «Сухарево», «Сеніца 2.0», «Солидарность», «Вольныя ваўкі», «Навагрудскія партызаны», «ВИЛИЯ», «Скромные матрешки», «Суседзі». Кіраўніком «Ордэну» назвалі грамадзяніна Ўкраіны Івана Амяляна.

Новая Баравая. Менск, 2020 год

Тады супрацоўнікі КДБ правялі рэйд для захопу актывістаў па ўсёй краіне: у Менску, Бярэзані, Смаргонях, Наваградку, Ваўкавыску, ялізаве ды іншых гарадах і мястэчках. У выніку за краты зьмясцілі дзясяткі чалавек у межах крымінальнай справы за «змову з мэтай захопу ўлады», а таксама за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні».

У ліпені 2025 году пачаліся масавыя суды ў гэтай справе. 21 кастрычніка 2025 году ў Горадзенскім абласным судзе агучылі прысуд пяцём палітзьняволеным у «справе дваровых чатаў»: Тацьцяне Палубок, Вользе Аляшкевіч, Ігару Хіневічу, а таксама мужу і жонцы Аляксандру і Ірыне Лебедзь (усіх паводле ч. 3 арт. 361-1 КК) па 2,5 году зьняволеньня кожнаму, а таксама штрафы ў 800 базавых велічыняў.

Траіх зь іх — Ігара Хіневіча, Аляксандра і Ірыну Лебедзь — памілавалі 19 сакавіка.