Іран адмовіўся абмяркоўваць амэрыканскую прапанову аб перамовах, — Reuters

Тэгеран пад абстрэлам, 3 сакавіка 2026 году

Іран пакуль адмовіўся абмяркоўваць амэрыканскую прапанову аб перамовах, але працягвае яе разглядаць.

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на свае крыніцы ў іранскім урадзе.

Тэгеран праз пакістанскіх пасярэднікаў паведаміў, што 15 пунктаў ЗША на гэты момант не падлягаюць абмеркаваньню, а пазыцыя краіны застаецца нязьменнай. Аднак, паводле Reuters, тое, што пакуль няма публічнаай афіцыйнай адмовы, можа сьведчыць. што прынамсі некаторыя фігуры ў іранскім ўрадзе разглядаеюць гэтыя прапановы.

Сярод іранскіх патрабаваньняў — цалкам спыніць «агрэсію і забойствы», даць гарантыі неаднаўленьня вайны, выплаціць кампэнсацыі і рэпарацыі, завяршыць канфлікт на ўсіх франтах і прызнаць кантроль Ірану над Армускай пратокай.

Раней, паводле зьвестак амэрыканскага выданьня The Wall Street Journal, Тэгеран таксама патрабаваў закрыцьця амэрыканскіх баз у рэгіёне; зьняцьця санкцый; дазволу спаганяць плату з суднаў, якія праходзяць праз Армускую пратоку; захаваньня сваёй ядзернай праграмы; спыненьня ўдараў Ізраіля па базаванай у Лібане групоўцы «Хезбала», прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і Ізраілі.

У ЗША такія ўмовы назвалі нерэалістычнымі і недарэчнымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран абстраляў ракетамі Ізраіль і Кувэйт, нягледзячы на ​​паведамленьні пра «дыпляматычны прарыў»

Паводле 12-га ізраільскага тэлеканалу, ключавыя пункты амэрыканскага пляну паўтараюць умовы, адкінутыя Іранам у 2025 годзе. Усяго ў пляне ЗША, паводле зьвестак СМІ, 15 пунктаў.

Дакумэнт прадугледжвае адмову Ірану ад распрацоўкі ядзернай зброі і ўзбагачэньня ўрану; перадачу запасаў узбагачанага ўрану і ўсёй інфармацыі Міжнароднаму агенцтву ў атамнай энэргіі; ліквідацыю ядзерных аб’ектаў у Натанзе, Ісфагане і Форда; адмова ад фінансаваньня афіліяваных груповак; адкрыцьцё Армускай пратокі для свабоднага суднаходзтва; абмежаваньне выпуску ракет, памяншэньне іх далёкасьці і выкарыстаньне іх толькі ў мэтах самаабароны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАГАТЭ заклікала да «стрыманасьці» пасьля ўдару па іранскім аб’екце для ўзбагачэньня ўрану