Зыгар: У Расеі пра Беларусь ведаюць менш, чым пра Францыю і Ангельшчыну

Міхаіл Зыгар

Расейскі гісторык і пісьменьнік Міхаіл Зыгар у інтэрвію Свабодзе заявіў, што нізкі ўзровень ведаў пра Беларусь у расейскім грамадзтве стварае глебу для маніпуляцыяў і спрошчанага ўспрыняцьця краіны.

Паводле яго, адрозна ад Украіны, пра якую ў Расеі існуюць хаця б базавыя ўяўленьні — у тым ліку дзякуючы постацям накшталт Тарасу Шаўчэнкі — Беларусь застаецца амаль невядомай.

«Пра Францішка Скарыну мала хто чуў і пра беларускую культуру мала хто ведае», — адзначыў Міхаіл Зыгар.

На пытаньне, калі ў Расеі вырашаць далучыць Беларусь, ці падтрымае гэта расейскае грамадзтва, Зыгар адказаў:

«Расейскае грамадзтва разгубленае і хаваецца пад ложкам. Яно ў гэты момант разумее, што няма ніякага сэнсу выказваць уласную думку. Таму, калі, крый божа, нешта такое здарыцца, на экранах у нас будзе ўсеагульнае адабрэньне».

Зыгар падкрэсьліў, што ў масавай сьвядомасьці расейцаў дамінуюць спрошчаныя ўяўленьні — у прыватнасьці, міт пра «тры брацкія народы», які замяняе рэальнае разуменьне гісторыі і адрозьненьняў.

Паводле Зыгара, большасьць расейцаў лічаць Беларусь цалкам расейскамоўнай краінай, дзе беларуская мова або не выкарыстоўваецца, або ўжо зьнікла.

Гісторык таксама адзначыў, што нават адукаваныя расейцы часта ведаюць значна больш пра Францыю ці Вялікую Брытанію, чым пра суседнюю Беларусь.

На яго думку, такая сытуацыя робіць грамадзтва больш уразьлівым да прапаганды і не стымулюе людзей задаваць пытаньні пра рэальную гісторыю і ідэнтычнасьць Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зыгар: Расейцы навучацца паважаць Беларусь, яе незалежнасьць і мову праз 100 гадоў