«Выліваў гарэлку на падлогу, пакуль ён ня бачыў». Спэцыяльны пасланьнік Трампа расказаў дэталі сустрэчаў з Лукашэнкам

Сустрэча Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам 19 сакавіка 2026 году

Спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША ў Беларусі Джон Коўл 12 сакавіка, за тыдзень да свайго апошняга візыту ў Менск, выступіў у Інстытуце Маккейна ў Вашынгтоне.

Як заўважыла выданьне «Люстэрка», амэрыканскі прадстаўнік шчыра, у нефармальных выказваньнях апісаў, як менавіта адміністрацыя Дональда Трампа вядзе перамовы з афіцыйным Менскам. Ён падзяліўся падрабязнасьцямі застольляў з Аляксандрам Лукашэнкам, які любіць мацюкацца, а таксама дэталямі вызваленьня палітычных зьняволеных і кантактаў з дэмакратычнымі сіламі.

Нецэнзурная лексыка і восем тостаў

Свой расказ Джон Коўл пачаў з успамінаў, як увогуле атрымаў пасаду спэцыяльнага пасланьніка і як прайшла яго першая паездка ў Менск. Каб знайсьці агульную мову з Аляксандрам Лукашэнкам, давялося падладзіцца пад яго спэцыфічную манеру зносінаў:

— Усё пачалося з тэлефоннага званка... У той час я быў намесьнікам пасланьніка ў канфлікце паміж Расеяй і Ўкраінай генэрала [Кіта] Кэлага. Мне тэлефануюць: «Паедзеш у Беларусь?» Я запытваю: «А дзе гэтая Беларусь?» Потым кажу: «Добра, гэта дзеля вызваленьня амэрыканскіх зьняволеных». І кажу: «Ну, калі мне ехаць?» Мне адказваюць: «Заўтра». І я паехаў. Я сустрэўся з Лукашэнкам, ён вельмі шмат гаворыць. Многія з гэтых хлопцаў, якія знаходзяцца ва ўладзе па 30 гадоў, любяць паразмаўляць. У Дзяржаўным дэпартамэнце мне сказалі, што ён любіць «пабалбатаць і пасьмяяцца», ну мы і пабалбаталі. Прыблізна праз паўгадзіны ці хвілін сорак пяць я спрабую зразумець, што ён за чалавек. Ён пачынае скардзіцца на эўрапейцаў... Гэта прагучыць груба, і я прашу прабачэньня за лексыку, але я сказаў яму: «Так, яны купка баязьліўцаў» (у арыгінале прагучала больш жорстка: «Yeah, they’re a bunch of pussies»). І з гэтага моманту ён быў у мяне ў кішэні. Ён любіць мацюкацца, таму ты робіш гэта ў адказ. І мы выдатна паладзілі. Мы прасядзелі пяць гадзін, і ён усё гаварыў.

Потым быў двухгадзінны абед. Ён устае (вядома, на стале гарэлка), падымае тост за прэзыдэнта Трампа. Хлопцы зь Дзярждэпу робяць мне знакі: «Ты павінен выпіць за яго». Я ўстаю і прамаўляю тост у адказ. І тут пачаліся гэтыя бясконцыя тосты. А мне нельга напівацца ў дым. Вядома, пара хлопцаў зь Дзярждэпу выпілі ўсе восем тостаў і былі як бэля. Я навучыўся рабіць так: сачыў за вачыма Лукашэнкі, пакуль ён аглядаў кампанію, і калі ён на мяне не глядзеў, я проста выліваў гарэлку на падлогу. У выніку я выпіў толькі дзьве чаркі, чаго было больш чым досыць.

Я вяртаюся ў Штаты, а перад самым адʼездам [зь Менску] дамаўляюся з Лукашэнкам: «Чаму б нам не паўтарыць?» У выніку я папрацаваў з Крысам Сьмітам (намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара для Ўсходняй Эўропы. — РС), мы ўсё арганізавалі і дамовіліся аб новых вызваленьнях. [...] Тым разам я выцягнуў 14 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Коўл: «Мы вызваляем 10 чалавек, а яны арыштоўваюць яшчэ 10?»

«Там усё робіцца ў лесе»

Апісваючы сам працэс вызваленьня, дыплямат расказаў аб працэдуры перадачы людзей на беларуска-літоўскай мяжы:

— Адбылася адна рэч, якая апраўдвае ўсе намаганьні: яны былі ў фургоне, там усё робіцца ў лесе іхным Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі. Ты едзеш зь Літвы ў Беларусь, заяжджаеш у лес, яны мяняюць нумары і ладзяць іншыя шпіёнскія штучкі. Падʼяжджае фургон, унутры 14 чалавек. Калі я адчыніў дзьверы, яны ўсе сядзелі вось так [скурчыўшыся]. Пазьней я даведаўся: яны думалі, што іх вязуць на расстрэл. Я адчыняю дзьверы і кажу: «Вы вольныя». Ніякай рэакцыі. Многія зь іх размаўлялі па-ангельску. Я паўтараю: «Вы вольныя». Адзін хлопец падняў вочы, але ўсё роўна цішыня. Яны думалі, што гэта пастка. Тады я сказаў: «Я знаходжуся тут на даручэньне прэзыдэнта Злучаных Штатаў Дональда Трампа». І яны ўсе вось так паднялі галовы. Я сказаў: «Вы сапраўды вольныя». Выразы іх твараў былі незабыўныя.

Коўл назваў галоўны прынцып адміністрацыі Трампа — санкцыі ЗША здымаюцца прапарцыйна колькасьці вызваленых людзей:

— Што вы павінны разумець: амаль 80% нашых санкцыяў супраць Беларусі былі ўведзеныя за палітычных зьняволеных. Таму ідэя заўсёды палягала ў наступным: вы аддаяце нам зьняволеных, мы даем вам зьмякчэньне санкцыяў у розных прапорцыях. Апошнім разам, калі мы былі там у сьнежні, мы выцягнулі яшчэ 123 чалавекі. І адзін зь іх быў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру (Алесь Бяляцкі. — РС). Раптам Лукашэнка адводзіць мяне ўбок і кажа, што выпусьціць гэтага чалавека.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцыяльны пасланьнік Трампа: «Спадзяюся, да канца году будуць вызваленыя ўсе»

«Ты можаш спыніць гэтае дзярмо?»

Коўл згадаў, што выкарыстоўвае свой просты доступ да Лукашэнкі, апроч вызваленьня людзей, для вырашэньня рэгіянальных праблемаў у дачыненьнях Беларусі і краін Эўразьвязу:

— Я сустракаюся з амбасадарам Беларусі ў ААН [Валянцінам Рыбаковым] прыблізна раз на тыдзень ці два. Цяпер у працэс залучаныя Літва, Польшча. Трэба дабівацца іх супрацоўніцтва. Я прыйшоў да Лукашэнкі і сказаў: «Ты можаш перастаць запускаць гэтыя чортавы балёны? Яны ствараюць жудасныя праблемы». І балёны спыніліся. Потым узьнікае нешта яшчэ з Польшчай, і мне даводзіцца зноў ісьці да Лукашэнкі і казаць: «Ты можаш спыніць гэтае дзярмо?» У кожным разе, я вельмі аптымістычны наконт таго, што да канца году мы выцягнем усіх [палітвязьняў].

Таксама Коўл расказаў, што прасіў прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў зьнізіць градус крытыкі, каб не сарваць далейшыя перамовы:

— Я ва ўдалым становішчы, бо мае дачыненьні з Лукашэнкам працуюць. І зараз я шмат маю зносінаў з апазыцыяй. Але я кажу ім адну рэч: «Слухайце, вы хочаце выходзіць, крычаць і абурацца — я ўсё разумею. Вы хочаце расказваць, які ён дрэнны. Але трымайце гэта на пэўным узроўні, бо ў нас там засталося яшчэ 800-900 чалавек, і калі вы яго занадта раззлуяце, усё разваліцца». Я на сувязі зь імі, у нас добрыя адносіны, яны гэта разумеюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ў Беларусі вызвалілі яшчэ 250 палітвязьняў. Сярод іх праваабаронцы й іншыя вядомыя людзі