Пяць гадоў таму арыштавалі журналіста, ляўрэата прэміі імя Сахарава Анджэя Пачобута

Анджэй Пачобут у судзе, 16 студзеня 2023 году

25 сакавіка споўнілася 5 гадоў, як у няволі апынуўся горадзенскі журналіст, актывіст непрзынаванага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Анджэй Пачобут.

8 лютага 2023 году Анджэя пачобута асудзілі на 8 гадоў пазбаўленьня волі паводле артыкулаў аб «закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы РБ» (361 КК) і аб «распальваньні варожасьці» (арт. 130 КК. Праваабарончая супольнасьць лічыць Анджэя Пачобута палітычным вязьнем.

Журналіст адбывае пакараньне ў калёніі № 1 у Наваполацку. Паводле праваабаронцаў, яму не дазваляюць спатканьня з сваякамі, блякуюць перапіску, трымаюць у ПКТ і ШЫЗА.

Паводле былых палітвязьняў, якія адбывалі пакараньне ў Наваполацкай калёніі і летась зь яе вызваліліся, Анджэя Пачобута трымаюць у памяшканьні камэрнага тыпу. У выніку ён ня можа кантактаваць зь іншымі зьняволенымі ў атрадах ці на вытворчасьці.

У верасьні 2025 году сустрэцца з Пачобутам дазволілі былой кіраўніцы ліквідаванага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Анжаліцы Борыс. Пасьля сустрэчы, якая цягнулася ня больш за гадзіну, Борыс расказала, што да гэтага Анджэй правёў тыдзень у шпіталі.

«Ён сказаў, што важыць 73 кіляграмы, у яго праблемы зь ціскам і зрокам. У шпіталі атрымліваў неабходныя лекі, але турма — гэта не санаторый. Ён не скардзіцца, але я перажываю за яго», — распавяла тады Анжаліка Борыс. Паводле яе, Пачобут папрасіў перадаць родным, каб за яго не турбаваліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Борыс паведаміла, што палітвязень Анджэй Пачобут тыдзень правёў у шпіталі

У сьнежні мінулага году Эўрапарлямэнт узнагародзіў Анджэя Пачобута прэміяй імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».

На цырымоніі ўручэньня дачка журналіста Яна Пачобут сказала, што ўвесь гэты час сям’я жыве ў нявызначанасьці:

«Кожны дзень з гэтых пяці гадоў мы ня ведаем, як ён, ці ў бясьпецы ён. Тым ня менш кожны дзень мы выбіраем надзею, бо надзея — адзіная рэч, якую ў нас не аднялі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт уручыў прэмію Сахарава дачцэ Анджэя Пачобута

За 2025 год чатыры разы адбываліся вызваленьні вялікіх групаў беларускіх палітзьняволеных. Ужо двойчы палітвязьні масава выходзілі на волю ў 2026 годзе. 19 сакавіка былі памілаваныя 250 чалавек. Кожны раз сваякі Анджэя Пачобута і ягоныя сябры чакаюць убачыць яго сярод вызваленых, але гэтыя надзеі пакуль ня спраўджваюцца.

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка мяркуе, што праблема на баку Лукашэнкі, які ня хоча выпускаць журналіста. Паводле Вячоркі, Анджэй Пачобут быў ва ўсіх сьпісах, якія офіс Сьвятланы Ціханоўскай перадаваў прадстаўнікам ЗША напярэдадні перамоваў зь беларускім бокам.

«І мы, і саюзьнікі, і ЗША, а ў першую чаргу Польшча і польскі ўрад, біліся за Пачобута», — казаў Франак Вячорка ў сьнежні 2025 году.

11 лістапада 2025 году польскі прэзыдэнт Караль Наўроцкі ўганараваў Анджэя Пачобута найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай Польшчы — ордэнам Белага Арла.

16 красавіка зьняволенаму журналісту споўніцца 53 гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачобут — вялікі герой. І той, хто даможацца яго вызваленьня, таксама будзе героем, — польскі журналіст Патоцкі

Хто такі Анджэй Пачобут

  • Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
  • Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
  • У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
  • 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
  • Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
  • У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
  • За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
  • У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.