Да такой высновы прыйшлі праваабаронцы «Вясны», якія правялі дасьледаваньне аховы працы ў няволі. Аповеды былых палітвязьняў аб умовах працы ў вязьніцах, дзе яны адбывалі пакараньне, запісаў праваабаронца Алег Мацкевіч.
Сярод іншых былы палітзьняволены калёніі № 2 у Бабруйску Алег Дабрыднёў паведаміў:
«У нас людзі, калі працавалі на пілах, сабе пальцы адразалі, а калёнія гэта ўсё замятала».
Паводле Дзяніса Хахлова, які адбываў пакараньне ў ПК-22 у Івацэвіцкім раёне, траўмы на вытворчасьці там здараліся рэгулярна, а разбор прычын праводзілі фармальна.
«Кувалдай адзін хлопец нешта біў, адскочыла зубіла і яму брыво расьсекла. Прыйшлі кантралёры, яго ледзь не пасадзілі ў ШЫЗА. То бок „ты сам сабе калецтва нанёс“».
Сяргей Спарыш адбываў тэрмін у івацэвіцкай калёніі і магілёўскай калёніі № 15:
«Пэрыядычна здаралася, што хто-небудзь, напрыклад, на станку пазбаўляўся пальцаў, а ў выніку яго зьмяшчалі ў ШЫЗА. Такім чынам чалавек пераконваўся, што ня трэба заяўляць аб траўматычнай сытуацыі. „Сам вінаваты“. Звычайна пагаджаліся на гэта. Ці проста парушэньне тэхнікі бясьпекі [якое адбывалася], вешалі на яго. Маглі і прафіляктычны ўлік павесіць за спробу суіцыду», — расказаў былы палітвязень.
Вячаслаў Лазараў згадаў працу на вытворчасьці ў ПК-15:
«Было шмат выпадкаў розных. Было, калі бярвёны падалі на ногі і ламалі косткі. Было, што выляталі з-пад станка брусы, рэзалі рукі, білі ў жывот. Пры мне быў выпадак: у хлопца бэнзапіла, а ён не надзеў каску. Яна [бэнзапіла] выскачыла і парэзала галаву... Сур’ёзных наступстваў не было, але магло скончыцца значна горш. У аднаго хлопца засталося на руцэ два пальцы, але ён усё роўна працягваў працаваць на вытворчасьці. Пасьля ампутацыі ад працы яго ня вызвалілі, ніякай інваліднасьці не было, гэта дакладна», — згадаў Вячаслаў Лазараў.
Былая палітзьняволеная Антаніна Канавалава расказала, як працавала швачкай у жаночай калёніі № 4.
«Адна дзяўчына адрэзала сабе пальцы [падчас раскрою], была такая сытуацыя. ... У нас такіх інцыдэнтаў было на маёй памяці, мабыць, штук пяць на фабрыцы. Што яны робяць? Спачатку — там у майстрых ёсьць маленькая аптэчка у выглядзе бінтоў, нейкіх ваты, перакісу вадароду, гэта каб рану апрацаваць. Яны пачынаюць спачатку самі бінтаваць. Бо фэльчар насамрэч ня так хутка да вас прыедзе, калі вам кепска... Потым яны чакаюць фэльчара, той прыходзіць, аглядае рану, выклікаецца апэратыўны супрацоўнік, і толькі потым гэтую дзяўчыну забіраюць і вядуць у санчастку. Прычым, як правіла, у шпіталь у такіх сытуацыях не кладуць».
Былы палітзьняволены М. расказаў пра ПК-15 у Магілёве:
«Не было абароны на фрэзэрным станку, і ў выніку хлопцу, калі ён рабіў фрэзэроўку дэталі, адрэзала тры пальцы. Яшчэ было такое, што зьняволены прасьвідраваў руку на сьвідравальным станку... То бок такіх траўмаў і нейкіх праблемаў хапала, у тым ліку банальна праз брак якіх-небудзь базавых сродкаў аховы. Прыкладам, можна было хаця б якуюсь сетку ці што-небудзь для абароны нацягнуць, каб туды пальцы ніхто не засоўваў, але гэтым усім грэбавалі».
К., былая палітзьняволеная ў ПК-4, імя якой таксама схавана з прычын бясьпекі, расказала:
«Я ведаю, што дзяўчыне ў раскройным цэху тры пальцы адрэзала. Ня ведаю, ці гэта была яе віна, ці не. Адрэзала тры пальцы нажом, які раскройвае краі... Яшчэ часта прашываюць пальцы іголкамі, вельмі шмат хто... Пальцы падсоўваюць пад іголку... У мяне сяброўка была, неяк няўдала падсунула і прашыла, іголка пранізала ёй пазногаць з пальцам. Яна спалохалася — рванула [палец], яшчэ [больш] парвала, там крывішчы было... І трэба сказаць, што на фабрыцы мэдпункту проста няма».
Папраўчыя калёніі ў Беларусі служаць ня толькі месцамі ізаляцыі, але і вытворчымі аб’ектамі, праца на якіх для асуджаных абавязковая, з выняткам інвалідаў і пэнсіянэраў, — адзначаюць праваабаронцы «Вясны».
Паводле праваабаронцаў, прымусовую працу беларускіх вязьняў можна параўнаць з рабскай, бо вязьні не атрымліваюць годнага заробку і пазбаўленыя асноўных правоў.
«Магчыма казаць, што зьняволеныя пазбаўленыя базавых працоўных гарантыяў: атрымліваць годны заробак і большую частку выплатаў дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня, браць паўнавартасны працоўны адпачынак, фармаваць стаж для прызначэньня працоўных пэнсіяў без паніжальнага каэфіцыэнту і шмат чаго іншага — зьняволеныя ня могуць сказаць „не“ наймальніку, якім ёсьць дзяржава, і адмовіцца ад працы», — зазначаюць праваабаронцы «Вясны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто вызваляе палітвязьняў у Беларусі — санкцыі ці дыпляматыя Трампа? — меркаваньне эканаміста Дзьмітрыя Някрасава ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьні — квіток для Лукашэнкі ў Вашынгтон? Аналіз Валера Карбалевіча