«Маем выразную інфармацыю, што Расея плянуе далейшае разгортваньне наземных станцыяў кіраваньня бесьпілётнікамі далёкага дзеяньня як на часова акупаванай тэрыторыі Ўкраіны, так і чатырох станцый на тэрыторыі Беларусі. Будзем рэагаваць адпаведна. Даручыў Алегу Івашчанку праінфармаваць партнэраў і прадстаўнікоў мэдыя наконт тых дадзеных, якія можам зрабіць адкрытымі», — напісаў Зяленскі.
26 сьнежня Ўладзімір Зяленскі заявіў, што расейцы выкарыстоўваюць антэны ў Беларусі, каб атакаваць Украіну.
«Паводле зьвестак нашай разьведкі, абсталяваньне, якое выкарыстоўваецца ва ўдарах супраць Украіны, у населеных пунктах Беларусі побач зь мяжой разьмяшчаецца ў тым ліку на жылых дамах. Фактычна на дахах звычайных пяціпавярховак месьцяцца антэны і іншае абсталяваньне, якое дапамагае наводзіць „шахеды“ на абʼекты ў нашых заходніх рэгіёнах», — зазначыў Зяленскі.
7 лютага Зяленскі заявіў, што Ўкраіна гатовая задзейнічаць усе інструмэнты, каб не дапусьціць магчымасьці запуску ракет тыпу «Арэшнік» зь Беларусі.
Ён сказаў, што на выкарыстаньне расейцамі паветраных калідораў над Беларусьсю для атак па Ўкраіне і на ўсталяваньне антэн у Беларусі для дапамогі дронам Украіна рэагавала непублічна.
«Але мы ня можам гэтак ціха займацца пытаньнем „Арэшніка“, — падкрэсьліў прэзыдэнт Украіны. — Таму наш сыгнал Беларусі такі: вас могуць уцягнуць у гэтую вайну, і расейцы гэтага хочуць», — дадаў ён.
23 лютага ў інтэрвію «Люстэрку» прэзыдэнт Украіны даў зразумець, што некалькі рэтрансьлятараў на тэрыторыі Беларусі Ўкраіна абясшкодзіла.
«Я ня буду казаць, якім спосабам, але нашыя людзі займаліся тым, каб тры-чатыры рэтрансьлятары ўжо не працавалі на тэрыторыі Беларусі. У нас проста няма іншага выйсьця, інакш будуць далейшыя атакі на нашую зямлю. І з гэтага напрамку цяпер лётае значна менш, хачу вам сказаць», — адзначыў тады Зяленскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Баімся, каб расейцы не прыйшлі зь беларускага боку». Як жывуць украінцы на мяжы зь Беларусьсю. ВІДЭА