Камандзір падразьдзелу NATO ў Літве: Няма пацьверджаньня пра ядзерную зброю і «Арэшнік» у Беларусі

Палкоўнік Мэрлейн Гэйліхэрс

Палкоўнік Мэрлейн Гэйліхэрс, камандзір Падразьдзелу інтэграцыі сілаў NATO ў Літве, адказаў на пытаньні Радыё Свабода.

Падразьдзел інтэграцыі сілаў NATO ў Літве — кампактная штабная структура, задача якой — забясьпечваць супрацу арміі краіны разьмяшчэньня і сілаў хаўрусьнікаў. У яе склад у прыблізна роўных прапорцыях уваходзяць прадстаўнікі краін альянсу і Літвы. Палкоўнік Гэйліхэрс прадстаўляе армію Нідэрляндаў.

— Спадар палкоўнік, наша зацікаўленасьць, вядома, тычыцца Беларусі, і, перш за ўсё, магчыма, грунтуючыся на бягучай ацэнцы NATO, вы ведаеце, ці разьмясьціла Расея ўжо тактычную ядзерную зброю і ракетны комплекс «Арэшнік» на тэрыторыі Беларусі?

— Па-першае, мы зьяўляемся лягістычным падразьдзяленьнем, наша мэта — падтрымаць войскі, якія прыбываюць, і, шчыра кажучы, у мяне няма інфармацыі пра гэтыя элемэнты, але я ведаю, што NATO сапраўды сочыць за бягучай сытуацыяй у Беларусі.

Мы аналізуем сытуацыю, і тое, што мы бачым на дадзены момант, — гэта звычайныя руцінныя апэрацыі. Але я ведаю, што было абвешчана пра магчымасьць разьмяшчэньня ядзерных ракет, і калі так, то, вядома, гэта вялікая пагроза для ўсіх краін. Але на дадзены момант па маёй працы ў мяне няма гэтай інфармацыі.

— Такім чынам, гэта толькі абвешчана.

— Так.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магчымую базу «Арэшніку» пад Крычавам узмоцнена ахоўваюць комплексамі супрацьпаветранай абароны. Спадарожнікавыя здымкі

— Добра, а як можа такое імавернае разгортваньне такой зброі зьмяніць ваенны балянс у Балтыйскім рэгіёне?

— Я думаю, што гэта палітычнае пытаньне, і я бачу, што, вядома, NATO, Расея і Беларусь заўсёды спрабуюць падтрымліваць балянс. Гэта сур’ёзная пагроза, а NATO заўсёды сурʼёзна ставіцца да пагроз. Але мы таксама сапраўды сочым за сытуацыяй, і ў нас ёсьць дастаткова часу для рэагаваньня, каб прыняць захады ў выпадку неабходнасьці.

— А як NATO ацэньвае ваенную пагрозу, розныя ваенныя пагрозы, якія зыходзяць зь Беларусі на Балтыйскі рэгіён і Эўропу?

— Ну, мы бачым, што Беларусь цесна супрацоўнічае з Расеяй. Яны абʼядноўваюць свае структуры камандаваньня і кантролю, таму гэта сурʼёзная пагроза. Я думаю, што звычайна можна сказаць, што раней Беларусь знаходзілася паміж Расеяй і эўрапейскімі краінамі. На дадзены момант яна больш інтэгруюцца з Расеяй. Такім чынам, я думаю, што яна больш не нэўтральная дзяржава, а больш прарасейская дзяржава. Мы таксама бачым іх рэгулярныя вучэньні. На дадзены момант мы ня бачым непасрэднай пагрозы, але мы вельмі ўважліва сочым за гэтым штодня.

Палкоўнік Мэрлейн Гэйліхэрс з Падразьдзелу інтэграцыі сілаў NATO ў Літве ў часе інтэрвію Радыё Свабода. Вільня, 23 сакавіка 2026

— Ці не маглі б вы ацаніць, ці могуць выкарыстаць Беларусь у якасьці пляцдарма для апэрацыі супраць NATO, як гэта было супраць Украіны?

— Так, я думаю, што могуць. Гэта немалая краіна, з важным геаграфічным становішчам, блізка да Латвіі, да Літвы, да Польшчы, і, вядома, калі паглядзець і прааналізаваць, што адбылося з вайной ва Ўкраіне, як Беларусь выкарыстоўвалася расейскімі войскамі для падрыхтоўкі да ўварваньня ва Ўкраіну, то так, цалкам магчыма, што яны будуць дзейнічаць такім жа або параўнальным чынам у дачыненьні да Эўропы. Менавіта геаграфічнае разьмяшчэньне робіць магчымым такую яе інтэграцыю з Расеяй.

— Існуюць розныя пагрозы, але якія сцэнары з удзелам Беларусі ў магчымым канфлікце найбольш турбуюць NATO сёньня?

— Я думаю, што гэта складанае пытаньне... NATO — абарончая арганізацыя, і, я думаю, геаграфічнае разьмяшчэньне дазваляе нам рухацца ў бок краін Балтыі. Зь іншага боку, у нас шмат войскаў у краіне, у нас моцная кааліцыя, каб збалянсаваць гэтую пагрозу. Бо так, гэта можа быць пагрозай, але мы вельмі ўважліва сочым за ёю і нарошчваем нашы войскі, каб збалянсаваць сілы паміж краінамі.

Палкоўнік Мэрлейн Гэйліхэрс з Падразьдзелу інтэграцыі сілаў NATO ў Літве ў часе інтэрвію Радыё Свабода. Вільня, 23 сакавіка 2026

— Вы ведаеце пра апошнія крызісы паміж Беларусьсю і Літвой, краінамі Балтыі і Эўрапейскага зьвязу наагул, якія ўрокі NATO вынесла зь міграцыйнага крызісу 2021 году і крызісу паветраных балёнаў 2025 году?

— Так, вы кажаце пра гібрыдную вайну, і я думаю, што гэта два прыклады гібрыднай вайны, тое, што мы назвалі б ператварэньнем усяго ў зброю, у тым ліку выкарыстаньне патокаў мігрантаў для разбурэньня грамадзтва, а таксама выкарыстаньне паветраных балёнаў... Але тут мы паказалі, што Літва — вельмі здольная і ўстойлівая краіна. Яны здольныя рэагаваць самастойна, напрыклад, з дапамогай памежнага кантролю, фізычных абмежаваньняў... У іх вельмі хуткі час рэагаваньня. Яны таксама здольныя паменшыць узьдзеяньне паветраных балёнаў.

Такім чынам, я думаю, што гэта вельмі ўстойлівая краіна сама па сабе, і пры неабходнасьці яны атрымліваюць пэўную падтрымку ад NATO, тое ж самае, што нядаўна адбылося з Польшчай. Такім чынам, у першую чаргу яны вельмі ўстойлівыя. Яны ведаюць, як дзейнічаць і абмежаваць узьдзеяньне гэтых гібрыдных пагроз. Яны прынялі некаторыя захады, і пры неабходнасьці могуць зьвярнуцца ў NATO, каб атрымаць дадатковую экспэртызу, і тады NATO надасьць яе.

— І, нарэшце, я хачу спытаць вас, ці лічыце вы, што NATO дастаткова моцнае, каб абараніць балтыйскія краіны ад любых пагроз?

— Я думаю, так, мы моцныя. Я думаю, што мы вельмі моцная кааліцыя. Мы бачым, што людзі па ўсёй Эўропе адчуваюць неабходнасьць інвэставаць ва ўласную бясьпеку. Я бачу вельмі моцную сувязь паміж эўрапейскімі краінамі на мясцовым узроўні, а таксама ўнутры NATO, каб мець гэтае адзінства намаганьняў для падтрымкі ўсходняга флянгу і абароны ўсходняга флянгу. Прыкладам могуць служыць нядаўнія апэрацыі NATO «Балтыйскі вартавы» (Baltic Sentry), дзе мы рэагуем на пагрозы калектыўнымі намаганьнямі NATO.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Літвы расказаў аб плянах узбраеньня: устаноўкі HIMARS, танкі Leopard, тры эшалёны абароны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве заявілі аб узмацненьні інфармацыйнага ціску з боку Беларусі