Міністар замежных справаў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта рэгулярна тэлефанаваў у Расею проста падчас сустрэчаў у ЭЗ, каб даваць справаздачу Сяргею Лаўрову аб ходзе перамоваў, паведамляе Washington Post.
Дзякуючы званкам Сіярта «практычна на кожнай сустрэчы ЭЗ цягам многіх гадоў за сталом была і Масква», — заявіў выданьню прадстаўнік эўрапейскай службы бясьпекі.
Выданьне таксама паведаміла, што расейскія дарадцы нібыта прапаноўвалі ўладам у Будапэшце інсцэнізаваць замах на прэм’ер-міністра Орбана.
Вядома, што ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе міністар Сіярта зьдзейсьніў 16 афіцыйных візытаў у Расею. Апошні быў 4 сакавіка 2026 году, калі ён сустрэўся з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным.
Бываў Сіярта і ў Беларусі. У кастрычніку 2023 году ён наведаў Менск для ўдзелу ў канфэрэнцыі высокага ўзроўню ў пытаньнях бясьпекі. Тады Пэтэр Сіярта сустрэўся і з Аляксандрам Лукашэнкам.
«Мы вас часта бачым, шмат чуем. Ня толькі вашыя выказваньні, але і нашага добрага сябра спадара Орбана. Чамусьці ў Эўразьвязе лічаць, што мы, беларусы, зьяўляемся супернікамі Эўрапейскага Зьвязу. Ведаеце, мы людзі не злапомныя, і, нягледзячы на цяперашнюю турбулентнасьць у ЭЗ і санкцыі, якія Эўразьвяз уводзіць супраць нас, вы павінны ведаць, што прэзыдэнт Беларусі зьяўляецца заўзятым прыхільнікам захаваньня Эўрапейскага Зьвязу», — сказаў тады Лукашэнка.
У кастрычніку наступнага году Сіярта зноў наведаў Менскую канфэрэнцыю ў пытаньнях бясьпекі. Тады ж у Менску Сіярта сустрэўся зь міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым, паведаміла афіцыйная прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава.
Канфэрэнцыя сабрала галоўным чынам прадстаўнікоў краін — саюзьніц Расеі, уключаючы Кітай, Іран і Сырыю.
Візыт міністра замежных спраў Вугоршчыны Пэтэра Сіярта ў Менск, сустрэча з тагачасным міністрам замежных спраў Сяргеем Алейнікам. 29 траўня 2024
На прэс-канфэрэнцыі міністар замежных справаў Вугоршчыны тады сярод іншага заявіў пра важнасьць для яго краіны беларускага транзыту нафты.
«Для нас гэта не ідэалягічнае, а фізычнае пытаньне. Палітычнымі заявамі ні кватэру абаграваць, ні заводамі кіраваць нельга. Для нас пытаньне забесьпячэньня энэргіяй — гэта фізычнае пытаньне. Сёньня Беларусь гарантуе транзытныя пастаўкі нафты ў Вугоршчыну, 71% нафты ў краіну ідзе трубаправодам «Дружба». Беларусь гарантуе бясьпеку гэтых паставак. Сёлета ў Вугоршчыну прыбыло празь Беларусь 3,9 млн тон нафты. Трубаправод «Дружба» і надалей будзе адыгрываць вызначальную ролю ў нашым забесьпячэньні нафтай, бо няма іншага такога трубаправоду, празь які можна паставіць такі абʼём нафты ў Вугоршчыну», — заявіў Сіярта, паведамляла дзяржаўнае выданьнне «СБ —Беларусь сегодня».
Наступны яго візыт у Менск адбыўся 9–10 верасьня 2025 году. У дзень прыезду прайшлі перамовы з намесьнікам прэм’ер-міністра Беларусі Віктарам Каранкевічам (адказным за энэргетыку), сустрэча з калегам — кіраўніком беларускага МЗС Максімам Рыжанковым і ўдзел у паседжаньні беларуска-вугорскай міжурадавай камісіі эканамічнай супрацы, паведамляла «Беларусь сегодня».
Сіярта зноў казаў пра беларускі транзыт расейскай нафты:
«Забясьпечыць Вугоршчыну энэргарэсурсамі безь беларускага транзыту немагчыма».
Пэтэра Сіярта и Аляксандар Лукашєнка, Менск, 26 кастрычніка 2023
Паводле яго, Вугоршчына выступае за раўнапраўную і ўзаемавыгадную эканамічную супрацу, і вугорска-беларускія адносіны — прыклад такога ўзаемадзеяньня. Пры гэтым Беларусь важная для Вугоршчыны з гледзішча запэўненьня энэргетычнай бясьпекі. Беларусь у гэтым пляне ёсьць ключавой краінай для Вугоршчыны, 73 працэнты абʼёму нафты паступае ў Вугоршчыну празь Беларусь. Летась — больш за пяць мільёнаў тон, сёлета — каля трох мільёнаў тон. Кіраўнік вугорскага МЗС чарговы раз падзякаваў Беларусі за надзейныя пастаўкі, а таксама за тое, што краіна не падымала плату за транзыт, адрозна ад некаторых сяброў ЭЗ», — паведамляла «Беларусь сегодня».
- Вугоршчына застаецца адзінай дзяржавай Эўразьвязу, якая падтрымлівае публічныя кантакты з афіцыйным Менскам.
- Як сябра ЭЗ Вугоршчына была вымушана далучыцца да санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, але прадстаўнікі вугорскіх уладаў ня раз заяўлялі, што не падтрымліваюць іх увядзеньне.
- У канцы верасьня 2023 году Лукашэнка прыняў даверчыя лісты ад новай амбасадаркі Вугоршчыны ў Беларусі Зіты Ілоны Бенчык. Такім чынам, Вугоршчына — адна зь нямногіх краін ЭЗ, амбасадар якой уручыў граматы Лукашэнку пасьля падзеяў 2020 году.