Чатырох жыхарак Менску асудзілі ад 8,5 да 9 гадоў калёніі па справе «дваровых чатаў». Мужа адной зь іх у той жа дзень памілавалі

Ірана Якаўлева, фота з сайту «Вясны»

У Менску 19 сакавіка вынесьлі прысуд па гучнай справе «дваровых чатаў», паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

Паводле абноўленай інфармацыі праваабаронцаў, былі асуджаныя чатыры жанчыны.

Анжэлу Агарок, Вікторыю Грынько, Натальлю Дароніну і Ірыну Якаўлеву абвінавацілі паводле артыкулу 357 Крымінальнага кодэксу — «змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Траім з жанчынаў прызначылі па восем з паловай гадоў калёніі кожнай, а Натальлі Даронінай — дзевяць гадоў. Усім жанчынам таксама прысудзілі штрафы ў памеры 1000 базавых велічыняў (45 тысяч рублёў).

Пры гэтым у дзень прысуду муж Натальлі Даронінай трапіў у сьпіс памілаваных. Паводле праваабаронцаў, Сяргея Дароніна разам з жонкай арыштавалі ў кастрычніку 2024 падчас аблавы на ўдзельнікаў дваровых і гарадзкіх супольнасьцяў. За гэта яму прысудзілі два з паловай года заняволеньня — за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні».

Пра Ірыну Якаўлеву вядома, што яна працавала бухгальтаркай, займалася царкоўным мастацтвам, а таксама ахвяравала на праваслаўныя храмы і манастыры ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Коўл: «Мы вызваляем 10 чалавек, а яны арыштоўваюць яшчэ 10?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 20 сакавіка: новыя затрыманьні вернікаў і сьвятароў