Лукашэнка пра просьбу першай лэдзі ЗША: «Не пытаньне. Але змагацца за гэта ня буду»

Мэлянія Трамп, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка сказаў, што першая лэдзі ЗША Мэланія Трамп папрасіла яго паразмаўляць з Уладзімерам Пуціным наконт зьніклых у Расеі ўкраінскіх дзяцей.

Адпаведны сьпіс ён атрымаў напярэдадні ад амэрыканскай дэлегацыі, перадае БелТА.

«Вось зараз Мэланія перадала сьпіс дзяцей, якія нібыта ў выніку вайны ва Ўкраіне згубіліся ў Расеі. І просіць мяне, каб пры сустрэчы з Уладзімерам Пуціным я перадаў гэты сьпіс, паразмаўляў зь ім, каб мы знайшлі ў Расеі гэтых дзяцей, якія ўцякалі ад вайны, хутчэй за ўсё. Знайшлі і аддалі Ўкраіне, калі дзеці гатовыя і там гатовыя іх узяць на ўтрыманьне», — заявіў Лукашэнка.

Ён сказаў, што пагадзіўся гэта зрабіць, але папярэдзіў, што «ўгаворваць» Пуціна ня будзе:

«Калі Мэлянія просіць (гэта ў разьвіцьцё таго ліста, які яна калісьці перадала Пуціну наконт дзяцей), я гэтую пазыцыю старэйшаму брату давяду, не пытаньне. Але змагацца за гэта ня буду, бо я ня ведаю, ёсьць гэтыя дзеці ці няма, праўда гэта ці не і хто перадаў гэтыя сьпісы. Гэта мне нескладана — я перадам, пагаворым на гэтую тэму», — сказаў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэлянія Трамп напісала Пуціну пра дзеяньні, да якіх датычны і афіцыйны Менск

Мэлянія Трамп напісала Пуціну ліст у жніўні 2025 году. Трамп асабіста ўручыў гэты ліст Пуціну падчас іхных перамоваў на Алясцы.

Паводле ўкраінскага боку, Расея незаконна вывезла з Украіны каля 150 тысяч дзяцей. У сакавіку 2023 Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэры на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і расейскага амбудсмэна ў справах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай. Іх падазраюць у ваенных злачынствах — гвалтоўных дэпартацыях і перамяшчэньні насельніцтва, у тым ліку дзяцей, з акупаваных тэрыторый Украіны. Масква не адмаўляе факт вывазу дзяцей, але тлумачыць гэта пытаньнямі бясьпекі.

Праваабарончыя арганізацыі абвінавачваюць афіцыйны Менск у саўдзеле ў перамяшчэньні, перавыхаваньні і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Праваабаронцы ідэнтыфікавалі больш як 2200 дзяцей, якія былі перамешчаныя з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь з 2021 па 2024 год. Некаторых зь іх пазьней зь Беларусі перамясьцілі ў Расею.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ААН прызналі перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей у Расею і Беларусь злачынствам супраць чалавечнасьці