Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэланія Трамп назвала «ілжывай і беспадстаўнай» заяву Лукашэнкі пра тое, што яна зьвярталася да яго па дапамогу

Мэланія Трамп, 25 сакавіка 2026 году
Мэланія Трамп, 25 сакавіка 2026 году

Заява Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Мэланія Трамп зьвярнулася да яго па дапамогу ва ўзьяднаньні ўкраінскіх і расейскіх дзяцей зь іхнымі сем’ямі — ілжывая і беспадстаўная.

Пра гэта першая лэдзі ЗША заявіла Breitbart News 22 сакавіка.

Яна падкрэсьліла, што ўсе камунікацыі ў пытаньнях узьяднаньня адбываліся строга паміж ёй, ейным упаўнаважаным прадстаўніком і вышэйшымі службовымі асобамі Расеі ды Ўкраіны.

«Заява спадара Лукашэнкі пра тое, што я прасіла ягонай дапамогі ў сувязі з намаганьнямі па ўзьяднаньні ўкраінскіх і расейскіх дзяцей зь іхнымі сем’ямі, ёсьць ілжывай і беспадстаўнай, — сказала яна. — На сёньняшні дзень усе камунікацыі і ўзаемадзеяньні ў гэтай справе вяліся выключна маім належным чынам упаўнаважаным прадстаўніком і мною наўпрост з украінскімі і расейскімі афіцыйнымі асобамі».

«Ніякіх іншых паведамленьняў альбо зваротаў да любога з бакоў ад майго імя праз трэціх асобаў не рабілася», — дадала яна.

Гэтая заява была некалькі разоў перапошчаная ў на розных афіцыйных акаўнтах Мэланіі Трамп, як, да прыкладу, FLOTUS і MELANIATRUMP у сацыяльнай сетцы X.

З кастрычніка Мэланія Трамп паспрыяла правядзеньню трох раўндаў узьяднаньня расейскіх і ўкраінскіх дзяцей зь іхнымі сем’ямі. Чацьвёрты раўнд чакаецца ў наступным месяцы; перамовы вядуцца ўсімі бакамі.

Удзельнікі працэсу адзначаюць, што намаганьні па ўзьяднаньні сем’яў сталі рэдкім прыкладам супрацоўніцтва паміж Расеяй і Ўкраінай у ходзе працяглага канфлікту.

20 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што першая лэдзі ЗША Мэланія Трамп папрасіла яго паразмаўляць з Уладзімерам Пуціным наконт зьніклых у Расеі ўкраінскіх дзяцей.

Адпаведны сьпіс ён нібыта атрымаў напярэдадні ад амэрыканскай дэлегацыі падчас перамоваў.

«Вось зараз Мэланія перадала сьпіс дзяцей, якія нібыта ў выніку вайны ва Ўкраіне згубіліся ў Расеі. І просіць мяне, каб пры сустрэчы з Уладзімерам Пуціным я перадаў гэты сьпіс, паразмаўляў зь ім, каб мы знайшлі ў Расеі гэтых дзяцей, якія ўцякалі ад вайны, хутчэй за ўсё. Знайшлі і аддалі Ўкраіне, калі дзеці гатовыя і там гатовыя іх узяць на ўтрыманьне», — заявіў Лукашэнка.

Ён сказаў, што пагадзіўся гэта зрабіць, але папярэдзіў, што «ўгаворваць» Пуціна ня будзе:

«Калі Мэланія просіць (гэта ў разьвіцьцё таго ліста, які яна калісьці перадала Пуціну наконт дзяцей), я гэтую пазыцыю старэйшаму брату давяду, не пытаньне. Але змагацца за гэта ня буду, бо я ня ведаю, ёсьць гэтыя дзеці ці няма, праўда гэта ці не і хто перадаў гэтыя сьпісы. Гэта мне нескладана — я перадам, пагаворым на гэтую тэму», — сказаў Лукашэнка.

Мэланія Трамп напісала Пуціну ліст у жніўні 2025 году. Трамп асабіста ўручыў гэты ліст Пуціну падчас іхных перамоваў на Алясцы.

Паводле ўкраінскага боку, Расея незаконна вывезла з Украіны каля 150 тысяч дзяцей. У сакавіку 2023 Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэры на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і расейскага амбудсмэна ў справах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай. Іх падазраюць у ваенных злачынствах — гвалтоўных дэпартацыях і перамяшчэньні насельніцтва, у тым ліку дзяцей, з акупаваных тэрыторый Украіны. Масква не адмаўляе факт вывазу дзяцей, але тлумачыць гэта пытаньнямі бясьпекі.

Праваабарончыя арганізацыі абвінавачваюць афіцыйны Менск у саўдзеле ў перамяшчэньні, перавыхаваньні і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Праваабаронцы ідэнтыфікавалі больш як 2200 дзяцей, якія былі перамешчаныя з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь з 2021 па 2024 год. Некаторых зь іх пазьней зь Беларусі перамясьцілі ў Расею.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG