Праваабаронцы назвалі імёны некаторых вызваленых палітвязьняў, якіх пакінулі ў Беларусі

Ваўкавыская калёнія, дзе трымаюць у тым ліку й палітвязьняў, ілюстрацыйнае фота

Пры гэтым стала вядома, што шэраг людзей, імёны якіх ёсьць у сьпісах на вызваленьне 19 сакавіка, на волю пакуль ня выйшлі.

19 сакавіка пры зьяўленьні першых сьпісаў памілаваных асобаў Свабода зазначала, што інфармацыя можа быць няпоўнай, а ў некаторых імёнах могуць быць неадпаведнасьці.

Як піша «Вясна», памілавалі кіраўніка буйнога прадпрыемства «Ізаком Пласт» Сяргея Васюкевіча, які паходзіць зь Дзятлава. Адвучыўся ў БДЭУ на лягіста. Апошнія 11 гадоў працаваў намесьнікам дырэктара ў камэрцыі у менскім прадстаўніцтве «Ізаком Пласт». Сяргея асудзілі ў «справе Гаюна» паводле арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) да пазбаўленьня волі. Мужчына мае дваіх дзяцей.

У сьпісе памілаваных апынулася 58-гадовая палітзьняволеная Марэт Валюк, якая мае ІІ непрацоўную групу інваліднасьці, выдаленую шчытападобную залозу і мае патрэбу ў рэгулярным прыёме лекаў. Марэт затрымалі ў «справе дваровых чатаў» восеньню 2024 году ў час «зачысткі» ў Смаргонях. Яе абвінавацілі ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1) і летам 2025 году асудзілі на 2,5 гады калёніі.

Памілавалі вікіпэдыста Ільлю Барыскевіча. Ён займаўся праектам з 2008 году і за гэты час стварыў больш за 6700 артыкулаў. Ён дадаў у свабодную энцыкляпэдыю дзясяткі тысяч гістарычных выяў і дакумэнтаў, у тым ліку вельмі рэдкіх. Пісаў пад псэўданімам Kazimier Lachnovič. За напісаньне артыкулаў у беларускай Вікіпэдыі Ільлю абвінавацілі ў «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369-1 КК) і асудзілі ў 2025 годзе на 2 гады пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выкладчыка адной з ВНУ Менску пакаралі двума гадамі калёніі за артыкулы ў «Вікіпэдыі»

У сьпісе памілаваных і 39-гадовы грамадзянін Расеі Максім Гелясін. Яго затрымалі ўзімку 2025 году. Мужчыну абвінавацілі ў «закліках да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі Беларусі» (ч. 3 арт. 361) і летам таго ж году асудзілі на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Максіма дадалі ў «тэрарыстычны» і «экстрэмісцкі» сьпіс.

Дарэчы, згаданы сьпіс 20 сакавіка вырас на 22 прозьвішчы, і цяпер у ім 6424 чалавекі.

Ня ўсе памілаваныя выйшлі на волю

Пры гэтым, як паведаміла праваабарончая ініцыятыва Dissidentby ў камэнтары Reform, беларускія праваабаронцы пакуль не зафіксавалі вызваленьня ніводнага з 235 палітвязьняў, якіх учора памілаваў Лукашэнка.

Размова ідзе аб тых людзях, каму, паводле папярэдняй інфармацыі, дазволілі застацца ў Беларусі.

Dissidentby дапускае, што, магчыма, людзей не адпусьцілі, бо на іх пакуль не прыйшлі паперы ці не завершанае юрыдычнае афармленьне справы. Зазвычай гэта адбываецца яшчэ некалькі дзён пасьля выхаду ўказу.

19 сакавіка сьцьвярджалася, што 235 палітвязьням дазволяць застацца ў Беларусі, а 15 вышлюць за мяжу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вывезеныя ў Літву палітвязьні сказалі журналістам. ВІДЭА, ФОТА