ISW: скасаваньне санкцыяў ЗША супраць Беларусі наўпрост будзе спрыяць ваенным дзеяньням Расеі

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы ў Маскве 26 лютага 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што скасаваньне Злучанымі Штатамі санкцыяў, накладзеных на Беларусь, будзе спрыяць разьвіцьцю расейскай эканомікі і, такім чынам, ваенным дзеяньням Расеі ва Ўкраіне.

«ISW даўно мяркуе, што Расея дэ-факта анэксавала Беларусі і што гэтыя дзяржавы маюць аб’яднаную абаронна-прамысловую базу. Такім чынам, скасаваньне санкцыяў ЗША супраць Беларусі наўпрост спрыяе ваенным захадам Расеі», — адзначаецца ў справаздачы інстытуту.

19 сакавіка пасьля сустрэчы з амэрыканскай дэлегацыяй улады Беларусі вызвалілі 250 палітычных зьняволеных. У сваю чаргу прадстаўнікі ЗША паведамілі аб скасаваньні санкцыяў, накладзеных на «Белінвэстбанк», «Банк разьвіцьця», Міністэрства фінансаў, а таксама на Беларускую калійную кампанію і «Беларуськалій».

Пасьля гэтага спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл заявіў, што спадзяецца на вызваленьне да канца году ўсіх палітычных зьняволеных у Беларусі. «Мы лічым, што нам удасца зрабіць больш, і, спадзяюся, да канца году будуць вызваленыя ўсе», — сказаў Джон Коўл у інтэрвію тэлеканалу Newsmax.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто вызваляе палітвязьняў у Беларусі — санкцыі ці дыпляматыя Трампа? — меркаваньне эканаміста Дзьмітрыя Някрасава