Літоўца, які ўдзельнічаў у прапагандысцкіх праграмах БТ, на год пазбавілі волі

Скрын старонкі Антанаса Кандротаса ў Facebook

Суд у Вільні пакараў Антанаса Кандротаса (мянушка Цэлафан) адным годам пазбаўленьня волі за распальваньне нянавісьці на сэксуальнай глебе.

Як паведаміла выданьне LRT, суд прызнаў яго рэцыдывістам. Абвінавачваньне патлумачыла такое пакараньне тым, што Антанас Кандротас ужо пяць разоў быў суджаны і раней сядзеў у турме.

Згодна з рашэньнем суду, Кандротас павінен выплаціць адну тысячу эўра кампэнсацыі маральнай шкоды палітыку, супраць якога выказваўся.

Пасьля абвяшчэньня выраку Антанас Кандротас заявіў, што ў Літве «няма свабоды слова». Ён паведаміў, што будзе абскарджваць прысуд, бо лічыць яго несправядлівым і не прызнае сваёй віны.

«Я сам ня верыў, што дадуць год рэальнага пазбаўленьня волі, бо, на маю думку, гэта па-за межамі разуменьня. Відавочна, што ЛГБТ-супольнасьць зараз настолькі разьюшаная, што тых, хто іх крытыкуе, адпраўляюць у турму. Калі так будзе працягвацца, то мы атрымаем расстрэльныя прысуды», — сказаў асуджаны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітык, які ня браў удзел у выбарах, шматкроць суджаны. Што вядома пра літоўца з прапагандысцкіх перадачаў Беларускай тэлевізіі

Чым вядомы Кандротас?

Антанаса Кандротаса ледзь ня кожны тыдзень запрашалі на перадачы Горадзенскай абласной тэлекампаніі, дзе ён выказваўся супраць палітыкі Літвы датычна Беларусі, а таксама крытыкаваў стварэньне новага вайсковага палігону ля мяжы зь Беларусьсю ў раёне Сувальскага калідору і рост вайсковых выдаткаў.

Кандротаса шматкроць судзілі за фінансавыя махлярствы, за беспарадкі каля парлямэнту, ён сядзеў у турме, але быў датэрмінова вызвалены ў 2025 годзе.

У 2021 годзе яго заўважылі за стырном аўтамабіля з чырвонымі нумарнымі знакамі — такія знакі маюць машыны дыпляматычных прадстаўніцтваў у Літве. Згодна з інфармацыяй літоўскіх мэдыя, аўтамабіль мог належаць амбасадзе Беларусі ў Літве. Але Антанас Кандротас гэта зьняпраўджваў, сьцьвярджаў, што машына належыць Мальтыйскаму ордэну, сябрам якога ён нібыта быў. Мальтыйскі ордэн гэта адрынуў і афіцыйна ад Кандротаса адмежаваўся.

У студзені 2022 году Антанас Кандротас наведваў Беларусь разам зь іншымі ўдзельнікамі антыэўрапейскай партыі «Зара справядлівасьці» (яе ачольваў Альгірдас Паляцкіс, асуджаны за шпіянаж на карысьць Расеі) і ўдзельнічаў у сустрэчы зь міністрам замежных справаў Уладзімерам Макеем. Яны называлі сябе прадстаўнікамі «літоўскай грамадзянскай супольнасьці» і на сустрэчах абураліся палітыкай ураду Літвы ў дачыненьні да Беларусі пасьля прымусовай пасадкі самалёту Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце, прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і мігранцкага крызісу, які ўлады Беларусі распачалі ў 2021 годзе супраць сваіх эўрапейскіх суседзяў.

У жніўні 2025 году Кандротас актыўна ўдзельнічаў у мітынгу супраць прысутнасьці Сьвятланы Ціханоўскай у Літве, які арганізаваў крайне правы дэпутат Вітаўтас Сініца.