Спэцыяльны пасланьнік Трампа: «Спадзяюся, да канца году будуць вызваленыя ўсе»

Спэцпрадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл адказвае на пытаньні журналістаў Менску. 19 сакавіка 2026

Джон Коўл падвёў вынікі сваіх перамоваў у Менску, пасьля якіх вызвалілі 250 палітвязьняў.

Спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл спадзяецца, што ўлады Беларусі да канца году вызваляць усіх палітычных зьняволеных:

«Мы лічым, што нам удасца зрабіць больш, і, спадзяюся, да канца году будуць вызваленыя ўсе», — сказаў Джон Коўл у інтэрвію тэлеканалу Newsmax.

Спэцыяльны пасланьнік Дональда Трампа таксама паведаміў, што ў часе сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам ён дасягнуў «вялікага прагрэсу» ў вырашэньні праблемаў у дачыненьнях Беларусі і Літвы.

«Я думаю, што мы дасягаем вялікага прагрэсу ў гэтым пытаньні», — дадаў ён.

Джон Коўл таксама адзначыў, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп надаў яму поўную свабоду дзеяньняў і паўнамоцтвы на перамовах зь беларускім бокам.

«Прэзыдэнт Трамп практычна даў мне поўную свабоду дзеяньняў рабіць тое, што я хачу, у гэтым пытаньні. А потым я дакладваю яму, і пакуль што ён ня супраць, бо гэта дапамагае сьвету ўбачыць, што мы ня проста ваюем. Мы таксама вельмі спагадлівы народ, і мы верым у правы чалавека і гуманітарныя праекты. Гэта дае людзям свабоду, людзям, якія гадамі яе не мелі, а цяпер маюць».

Коўл таксама расказаў, як паведаміў беларускім палітвязьням аб іх вызваленьні:

«Я адчыніў дзьверы фургону, дзе былі 15 чалавек. Я ўвайшоў і сказаў: вы вольныя. Яны ня ведалі, што ідуць на волю. І я сказаў: прэзыдэнт Трамп паслаў мяне вызваліць вас».

У інтэрвію агенцтву Reuters Коўл сказаў, што на гэтым тыдні ён сустракаўся зь літоўскімі лідэрамі, «каб паспрабаваць вырашыць некаторыя зь іхных праблемаў» зь Беларусьсю, а затым падняў тэму заклапочанасьці Літвы на шматгадзінных перамовах з Лукашэнкам 19 сакавіка.

«Лукашэнка зразумеў, што такія раздражняльнікі не карысныя, — сказаў Коўл пра кантрабанду цыгарэт і канфіскацыю грузавікоў. — Я думаю, што Лукашэнка лічыць, што гэта ня надта важныя пытаньні і імі варта ахвяраваць».

У сьнежні Коўл заяўляў, што Лукашэнка паабяцаў спыніць палёты паветраных балёнаў у Літву.

19 сакавіка пасьля сустрэчы з амэрыканскай дэлегацыяй улады Беларусі вызвалілі 250 палітычных зьняволеных. У сваю чаргу прадстаўнікі ЗША паведамілі аб скасаваньні санкцыяў зь «Белінвэстбанку», «Банку разьвіцьця», Міністэрства фінансаў, а таксама Беларускай калійнай кампаніі і «Беларуськалію».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ў Беларусі вызвалілі яшчэ 250 палітвязьняў. Сярод іх праваабаронцы й іншыя вядомыя людзі