У вывезеных зь Беларусі палітвязьняў, як і ў папярэдняй групы вызваленых, няма пашпартоў

Частка палітвязьняў, вывезеных за межы Беларусі

Рэжым Лукашэнкі забірае пашпарты і не аддае палітвязьням па іх вызваленьні з турмаў.

Пра тое, што і групе вызваленых 19 сакавіка 2026 году людзей не далі дакумэнтаў, у тым ліку пашпартоў, сказаў у этэры Свабоды дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.

«Зараз, на момант нашай размовы, заканчваецца працэдура дапамогі з афармленьнем дакумэнтаў апошняга чалавека з 15. У іх няма дакумэнтаў, няма пашпартоў. Гэта зноў адзін з такіх мэтадаў, якія выкарыстоўвае рэжым, каб ускладніць жыцьцё нашым героям».

Кучынскі падзякаваў за падтрымку Літве і літоўскім інстытуцыям: службе міграцыі, памежнай службе, міністэрствам замежных справаў і ўнутраных справаў. А таксама арганізацыям, якія працуюць у Літве, за дапамогу беларускім палітвязьням, як, напрыклад, Freedom House.

«Сапраўды гэта вельмі важны дзень, бо гэта адно з найбольшых вызваленьняў — 235 чалавек, якія вызваленыя ўнутры краіны і застануцца, а 15 прыедуць зараз сюды. Мы былі ў пастаянным кантакце з нашымі амэрыканскімі калегамі, я ўчора таксама сустракаўся зь імі перад візытам. Таму вельмі-вельмі ўдзячны і спадзяемся, што будуць вызваленьні і далей».

Кучынскі спадзяецца, што рэпрэсіі спыняцца і праца дзеля вяртаньня ў Беларусь працягнецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ў Беларусі вызвалілі яшчэ 250 палітвязьняў. Сярод іх праваабаронцы й іншыя вядомыя людзі