Інфармацыю пра вызваленьне Кацярыны Бахвалавай Свабодзе пацьвердзілі ў яе сям'і. Яна ўжо ў Літве і пасьпела патэлефанаваць бацькам.
Палітзьняволеная журналістка «Белсату» Кацярына Бахвалава (Андрэева) трапіла за краты ў 2020 годзе. Кацярыну затрымалі 15 лістапада 2020 году за стрым з «плошчы Перамен», у якім быў паказаны ў жывым этэры жорсткі разгром сілавікамі мірнай акцыі ў памяць забітага сілавікамі Рамана Бандарэнкі.
З таго часу журналістку двойчы судзілі і агулам прызначылі ёй 8 гадоў і 3 месяцы зьняволеньня, яна адбывала пакараньне ў жаночай калёніі № 4 у Гомлі.
Мужа Кацярыны журналіста Ігара Ільяша затрымалі ў кастрычніку 2024 году і абвінавацілі ў «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369–1 Крымінальнага кодэксу) і «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 2 арт. 361–4 КК). У верасьні 2025 году судьдзя Менскага гарадзкога суду Сяргей Кацар вынес вырак мужу Кацярыны журналісту Ігару Ільяшу ў 4 гады зьняволеньня. Ігар застаецца за кратамі ў бабруйскай калёніі № 8.
У 2021 годзе Ігар адбыў 15 дзён адміністрацыйнага арышту, яму раілі як найхутчэй выехаць з краіны, бо рана ці позна прыйдуць і па яго. Але Ігар сьвядома вырашыў заставацца ў Беларусі, чакаючы вызваленьня жонкі, пісаў ёй лісты і вазіў перадачы ў СІЗА і калёнію.
Пра каханьне Кацярыны і Ігара рэжысэрка Мара Тамковіч зьняла мастацкі фільм «Пад шэрым небам», які атрымаў міжнародныя прэміі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У дзень народзінаў Кацярыны Андрэевай журналісты расказваюць гісторыю іх каханьня з Ігарам Ільяшом ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пад шэрым небам» стаў фільмам году паводле беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас»