Блогера Аляксандра Лапшына зноў затрымалі на запыт беларускіх уладаў

Аляксандар Лапшын

Гэта адбылося 19 сакавіка ў ерэванскім аэрапорце, адкуль Лапшын накіроўваўся ў Страсбур.

Аб тым, што блогер Аляксандар Лапшын быў зноў затрыманы ў Армэніі на запыт беларускіх уладаў, ён сам расказаў у размове са Свабодай удзень 19 сакавіка.

«Я вылятаў з Ерэвана і мяне зноў затрымалі на запыт Беларусі, ужо шосты раз, — расказаў Лапшын у размове са Свабодай. — Беларусь абнавіла абвінавачваньне. Таму што па ранейшым Гэнпракуратура Армэніі вынесла рашэньне зьняць вышук. Што зрабіла Беларусь? Яны даслалі новы вышук. Па абсалютна тым жа самым абвінавачваньням — абраза Лукашэнкі, заклікі да нечага. Стандартны набор. І мяне зноў затрымалі. На гэты раз было вельмі па-хамску з боку Службы нацыянальнай бясьпекі Армэніі».

Па словах Лапшына, падчас затрыманьня ён пасьпеў выклікаць паліцыю, якая прыехала ў аэрапорт праз тры гадзіны. Пасьля гэтага блогера вызвалілі, аднак на свой рэйс ён спазьніўся.

«Мяне вызваліла паліцыя, паліцэйскія патлумачылі, што вышук у дачыненьні да мяне зьняты, — расказвае Аляксандар Лапшын. — Але самалёт вылецеў без мяне. Я ляцеў у Страсбур па прававых пытаньнях. Зараз зноў у Ерэване, буду набываць новыя дарагія квіткі. І падаваць іск супраць памежнай службы Армэніі. Буду патрабаваць ад іх кампэнсацыі».

Лапшын падчас суду ў Беларусі, архіўнае фота

Папярэдняя затрыманьне Лапшына адбылося вясной мінулага году. 2 траўня 2025 у аэрапорце сталіцы Армэніі Ерэване мясцовыя памежнікі паведамілі грамадзяніну Ізраілю, блогеру Аляксандру Лапшыну, што ён затрыманы на просьбу ўладаў Беларусі і мусіць паехаць у пастарунак паліцыі.

«Прыляцеў — і мяне зноў затрымалі, правёў у аэрапорце дзьве гадзіны, — расказваў тады Лапшын у размове з Свабодай. — Сказалі, зноў на запыт Беларусі. Яны як робяць — крыху мяняюць абвінавачаньне. Дадаюць нейкі артыкул, я нават ня ведаю які. Мінулым разам было сем артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі, цяпер стала восем. І гэта, атрымліваецца, ужо іншы запыт. Дзьве гадзіны прасядзеў, пасьля вызвалілі. Але гэта юрыдычны тэрарызм, менавіта гэтым займаюцца ўлады Беларусі».

Праблемы ва ўзаемаадносінах з афіцыйным Менскам пачаліся ў Аляксандра ў 2016 годзе, калі яго затрымалі ў Беларусі. Прычынаю стала крымінальная справа, заведзеная на Лапшына ў Азэрбайджане за наведваньне тэрыторыі Нагорнага Карабаху, якую на той момант Баку не кантраляваў. І хоць вызваліць Лапшына прасілі і ў Маскве, і ў Ізраілі, Менск перадаў блогера ў Азэрбайджан. Там Лапшына асудзілі на тры гады, а ў верасьні 2017 блогера асабіста памілаваў Ільхам Аліеў, дазволіўшы выехаць у Ізраіль.

Пасьля вызваленьня Аляксандар Лапшын падаў на дзеяньні ўладаў Беларусі скаргу ў ААН, дзе парушэньне яго правоў прызналі, а пра дзеяньні беларускіх уладаў і Аляксандра Лукашэнкі асабіста ён пісаў і гаварыў усё, што думае. Вылілася гэта ў новыя праблемы. Першы раз на запыт уладаў Беларусі ў Армэніі Лапшына затрымалі ў верасьні 2024 году. Тады яму паведамілі, што Менск яго абвінавачвае паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу, і адпусьцілі праз чатыры гадзіны. Генэральная пракуратура Армэніі афіцыйна адмовіла Беларусі ў выдачы Лапшына.

Пасьля таго выпадку Аляксандар Лапшын быў у Армэніі яшчэ некалькі разоў, прыяжджаў і выяжджаў без праблемаў. Да траўня 2025-га, калі пасьля чарговага затрыманьня ў аэрапорце Аляксандар вырашыў выключыць сваё імя зь «беларускага злачыннага сьпісу», падаўшы пазоў у армянскі суд. У лютым 2026 году армянскі суд прызнаў, што абвінавачаньні Беларусі ў адрас Аляксандра Лапшына супярэчаць армянскім юрыдычным нормам, але спыніць затрыманьні блогера падчас візытаў у Армэнію немагчыма. А сам Лапшын можа гэта зрабіць, калі зьвернецца з прэтэнзіямі наўпрост да ўладаў Беларусі.