Расея не спыняе ўдары па Ўкраіне: у Адэсе пацярпеў жылы сэктар, на Валыні — энэргетыка, у Львове — будынак СБУ

Наступствы ўдару расейскіх войскаў па Адэсе ў лютым 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

Ёсьць параненыя.

У Львове пад ударам быў будынак СБУ

Улады Львоўскай вобласьці паведамілі, што ў ноч на 19 сакавіка расейскі дрон пацэліў у будынак абласнога ўпраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны.

«Ёсьць руйнаваньні. Папярэдне без пацярпелых», — паінфармаваў кіраўнік рэгіёну Максім Казіцкі.

Паводле яго, у Львове знаходзяць аскепкі зьбітых расейскіх бесьпілётнікаў.

У Адэсе трое параненых

Паводле кіраўніка Адэскай вобласьці Алега Кіпера, у выніку начной расейскай атакі пашкоджаны жылы сэктар у трох раёнах абласнога цэнтру. На месцах падзеньня бесьпілётнікаў — руйнаваньні і пажары.

«Пацярпелі чатыры чалавекі, з заблякаваных кватэраў уратавалі траіх жыхароў», — паведаміў ён.

Адзін з расейскіх дронаў лучыў у шматпавярховы дом і часткова зруйнаваў некалькі кватэраў, фасад, вокны. Пашкоджаньні атрымала камунальнае прадпрыемства і яго абсталяваньне.

На Валыні праз расейскія ўдары праблемы з вадой і цяплом

Мэр гораду Новавалынску (Валынская вобласьць) Барыс Карпус паведаміў аб расейскай атацы на энэргетычную інфраструктуру гораду.

Паводле яго, частка жыхароў засталася безь сьвятла, пачаліся перабоі ў забесьпячэньні вадой.

«Пашкоджаньні вельмі сур’ёзныя», — заявіў Барыс Карпус.

Мэр гораду дадаў, што для аднаўленьня забесьпячэньня вадой выкарыстоўваюць генэратары, частка кацельняў будзе працаваць на мінімальным узроўні.

Расейскія войскі сыстэмна атакуюць жылыя кварталы і цывільную інфраструктуру з розных відаў узбраеньня — ударнымі дронамі, ракетамі, кіраванымі авіябомбамі.

Кіраўніцтва Расеі зьняпраўджвае тое, што расейская армія наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры і мірным насельніцтве.

Украінская ўлада і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і пераконваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне заявілі пра нетыповую ранішнюю расейскую атаку, не выключаюць выкарыстаньня новых ракет і дронаў