Іран пацьвердзіў сьмерць міністра выведкі

Міністар выведкі Ірану Ісмаіл Хатыб разам з прэзыдэнтам Ірану Масудам Пэзэшкіянам, архіўнае фота

Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян пацьвердзіў сьмерць міністра выведкі краіны Ісмаіла Хатыба. Раней міністар абароны Ізраілю Ісраэль Кац заявіў, што Хатыб быў забіты ў выніку начнога ўдару 18 сакавіка.

«Падступнае забойства маіх дарагіх паплечнікаў Ісмаіла Хатыба, Алі Ларыджані і Азіза Насірзадэ разам зь некаторымі чальцамі іхных сем’яў і камандаў суправаджэньня пакінула нас у глыбокай жалобе. Выказваю спачуваньні вялікаму народу Ірану ў сувязі з гібельлю двух чальцоў кабінэту міністраў, сакратара Вышэйшай рады нацыянальнай бясьпекі, а таксама вайсковых генэралаў і байцоў „Басідж“. Я ўпэўнены, што іхны шлях будзе працягнуты яшчэ больш рашуча, чым раней», — напісаў іранскі прэзыдэнт у X.

Раней Белы дом заявіў, што сьмерць Хатыба — гэта «добры знак» для ЗША.

Галоўная прэсавая сакратарка прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Кэралайн Левіт раніцай 18 сакавіка ў этэры Fox News назвала Хатыба «вядомым тэрарыстам».

«Безумоўна, гэтага чалавека больш няма з намі на гэтай зямлі, — сказала яна. — І гэта добра для Злучаных Штатаў. Гэта добра для амэрыканскага народу, які доўгі час знаходзіўся пад пагрозай з боку гэтага злачыннага тэрарыстычнага рэжыму».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран пацьвердзіў гібель кіраўніка службы бясьпекі Лярыджані і камандзіра ваенізаваных сіл Сулеймані

Днём раней ўлады Ірану пацьвердзілі гібель уплывовага кіраўніка службы бясьпекі краіны Алі Лярыджані. Разам зь ім загінуў ягоны сын Мартэза, ягоны намесьнік Алірэза Баят і некалькі целаахоўнікаў.

Гэтую заяву агучылі прыблізна праз 12 гадзін пасьля таго, як міністар абароны Ізраілю Ісраэль Кац паведаміў, што Лярыджані загінуў падчас авіяўдараў па Тэгеране, у выніку якіх таксама загінулі і іншыя адказны іранскія дзеячы.

Асобна Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі без падрабязнасьцяў пацьвердзіў сьмерць камандзіра ваенізаваных сіл Ірану «Басідж» Гулямрэза Сулеймані. Армія абароны Ізраілю заяўляла, што Сулеймані і Лярыджані загінулі падчас удараў 16 сакавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп паведаміў, што хаўрусьнікі ў NATO адмовіліся ўдзельнічаць у апэрацыі супраць Ірану

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.