Як паведаміла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода з спасылкай на заяву сакратарыяту Вышэйшай рады нацыянальнай бясьпекі Ірану, разам зь ім загінуў яго сын Мартэза, ягоны намесьнік Алірэза Баят і некалькі целаахоўнікаў.
Гэтую заяву агучылі прыблізна праз 12 гадзін пасьля таго, як міністар абароны Ізраілю Ісраэль Кац паведаміў, што Лярыджані загінуў падчас авіяўдараў па Тэгеране, у выніку якіх таксама загінулі і іншыя адказны іранскія дзеячы.
Асобна Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР) без падрабязнасьцяў пацьвердзіў сьмерць Гулямрэза Сулеймані, камандзіра ваенізаваных сіл Ірану «Басідж». Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) заяўляла, што Сулеймані і Лярыджані загінулі падчас адной хвалі ўдараў 16 сакавіка.
Амэрыканска-ізраільская апэрацыя супраць Ірану, якая пачалася 28 лютага і працягваецца ўжо трэці тыдзень, не паказвае прыкметаў згасаньня. 17 сакавіка ў некалькіх месцах на Блізкім Усходзе былі чутныя сырэны паветранай трывогі.
Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што сваёй апошняй хвалі атак па Тэгеране яны нанесьлі ўдары па «інфраструктуры іранскага рэжыму», а таксама па аб’ектах, якія, зь іхных словаў, зьвязаныя з падтрымоўванай Іранам групоўкай «Хезбала», якую ЗША прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй.
Тым часам Іран працягвае абстрэльваць ракетамі і бесьпілётнікамі цэлі на Блізкім Усходзе, у тым ліку ў Ізраілі.
Ключавы Армускі праліў, на які прыпадае каля адной пятай часткі ўсясьветнага транспартаваньня нафты, застаецца ў значнай ступені закрытым з прычыны нападаў на караблі.
Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.
8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.
Форум