Хроніка перасьледу 18 сакавіка: рабочага з Рэчыцы асудзілі ў «справе Гаюна» на 4 гады калёніі

Антон Казачэнка ў Кіеве, архіўны здымак

Працягваецца перасьлед у «справе Гаюна» беларусаў, якія масава рабілі здымкі расейскай вайсковай тэхнікі і слалі іх на адпаведны канал, каб перашкодзіць прасоўваньню расейскіх войскаў углыб Украіны.

Гомельскі абласны суд у лютым вынес чарговы прысуд у «справе Гаюна» за інфармацыю пра расейскую вайсковую тэхніку ў Беларусі, піша «Вясна».

Гэтым разам за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу) асудзілі 31-гадовага жыхара Рэчыцы Антона Казачэнку. Яму прызначылі 4 гады калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Пра гэта «Гомельскай вясьне» паведаміў сукамэрнік палітвязьня.

Вядома, што да затрыманьня Антон Казачэнка працаваў на Рэчыцкім заводзе мэталічных вырабаў. Пасьля прысуду, 20 лютага, яго ўнесьлі ў пералік асобаў, «якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Нядаўна ў гэтай жа справе асудзілі 38-гадовага мсьціслаўца Вадзіма Мікуліча.

Пра тое, што да сілавікоў маглі трапіць пэрсанальныя зьвесткі інфарматараў праекту «Беларускі Гаюн», стала вядома 5 лютага 2025 году. За год, які прайшоў з гэтага часу, праваабаронцам стала вядома пра арышт больш чым 150 зь іх.

Сапраўдная лічба затрыманых можа быць большай, адзначаюць праваабаронцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яе маштаб саступае толькі перасьледу за пратэсты 2020-га». Што вядома пра «справу Гаюна» праз год пасьля ўзлому праекту