Дакумэнт быў падпісаны на паседжаньні аб’яднанай калегіі міністэрстваў юстыцыі Расеі і Беларусі 18 сьнежня 2024 году ў Маскве. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ратыфікавала яго 14 траўня 2025 году.
17 сакавіка 2026 году гэтае пагадненьне ратыфікавала Дзяржаўная дума Расеі. На думку аналітыкаў ISW, гэта сьведчыць, што Масква «працягвае намаганьні выкарыстоўваць структуру Саюзнай дзяржавы для фактычнай анэксіі Беларусі».
Інстытут зьвярнуў увагу, што пагадненьне дае магчымасьць кожнаму з бакоў выконваць судовыя рашэньні ў цывільных і крымінальных справах другога боку.
«Такая палітыка падрывае сувэрэнітэт Беларусі, выклікае занепакоенасьць прагрэс у спробах Крамля фактычна анэксаваць Беларусь шляхам наданьня расейскім праваахоўным органам юрысдыкцыі ў Беларусі і ўскоснага падпарадкаваньня беларусаў расейскаму цывільнаму і крымінальнаму праву», — мяркуюць экспэрты.
Расейская Дума напярэдадні паведаміла, што паводле ратыфікаванага пагадненьня «судовыя пастановы, вынесеныя кампэтэнтнымі судамі аднаго боку, ня маюць патрэбы ў адмысловай працэдуры прызнаньня і выконваюцца на тэрыторыі другога боку».
Старшыня ніжняй палаты расейскага парлямэнту Вячаслаў Валодзін заявіў, што «пытаньні ўмацаваньня агульнай праўнай прасторы Саюзнай дзяржавы сярод ключавых у парадку дня працы дэпутатаў Дзяржаўнай думы».
Ратыфікацыя пагадненьня, на яго думку, дасьць магчымасьць «дадаткова ўзмацніць судовую абарону грамадзян» дзьвюх дзяржаваў, «апэратыўна разьвязваць пытаньні ў частцы аднаўленьня іхных парушаных правоў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта Лукашэнка ўнёс зьмены ў больш як паўсотні законаў? Разьбіраемся з экспэртамі