Дакумэнт прыводзіць больш за 50 законаў «у адпаведнасьць з нормамі Грамадзянскага кодэксу і Кодэксу грамадзянскага судаводзтва», уведзенымі з 1 студзеня. Зьмены тычацца партый і аб’яднаньняў ад іх стварэньня да перадачы ў даход дзяржавы іх маёмасьці пасьля ліквідацыі. А таксама паўнамоцтваў работнікаў юстыцыі і іншага. Бальшыня зьменаў уступае ў сілу пасьля публікацыі. Разам з юрыстамі Леанідам Марозавым і Міхаілам Кірылюком паспрабавалі разабацца, наколькі істотныя гэтыя зьмены і навошта яны зробленыя.
Марозаў: Гэта страх прайграць барацьбу за бачаньне будучыні краіны.
Юрыдычны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Леанід Марозаў падкрэсльлівае, што закон, падпісаны Лукашэнкам 16 сакавіка 2026 года, пакуль афіцыйна не апублікаваны (афіцыйна публікацыя пасьля падпісаньня будзе празь некалькі дзён). Аднак з таго, што ўжо вядома са СМІ і прэс-рэлізаў, можна зрабіць выснову: зьмены ў каля 50 заканадаўчых актах зьвязаныя найперш з прывядзеньнем іх у адпаведнасьць з абноўленым грамадзянскім і грамадзянска-працэсуальным заканадаўствам, лічыць юрыст:
«Напрыклад, быў прыняты зусім новы дакумэнт — Кодэкс грамадзянскага судаводзтва. Сам па сабе грамадзянскі працэс кардынальна не зьмяніўся, але зьявіліся новыя нормы і новыя віды працэсуальных дакумэнтаў. Таму і іншыя законы цяпер карэктуюцца, каб адпавядаць гэтым зьменам. Тэма субсідыярнай адказнасьці па абавязках даўжніка, прызнанага банкрутам, таксама не новая — гэта даўняя праблема для бізнэсу, і рэжым, відаць, спрабуе шукаць тут новыя падыходы».
Паводле Леаніда Марозава, найбольшую трывогу з пункту гледжаньня грамадзянскіх і палітычных правоў выклікаюць зьмены ў заканадаўстве аб палітычных партыях.
«Пасьля неправамернай ліквідацыі ўсіх апазыцыйных партый любое ўскладненьне працэдуры іх стварэньня фактычна замацоўвае немагчымасьць для грамадзян удзельнічаць у дзяржаўных справах праз выбар сваіх прадстаўнікоў і прадстаўніц».
Юрыдычны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай называе гэта спробай рэжыму засьцерагчы сябе ад канкурэнцыі з арганізаванай палітычнай сілай — страх прайграць барацьбу за бачаньне будучыні краіны.
«Бо сапраўдная палітычная структура можа вылучаць кандыдатаў на выбарах, фарміраваць праграму і дамагацца зьменаў, якія яе выбарцы лічаць слушнымі і патрэбнымі. У цяперашняга ж рэжыму, здаецца, няма чаго прапанаваць грамадзтву, акрамя рэпрэсій і настальгіі па савецкім мінулым».
Марозаў нагадвае, што дэмакратычныя сілы Беларусі распрацавалі альтэрнатыўны закон аб палітычных партыях, які прапануе зусім іншы падыход.
«Ён накіраваны на спрашчэньне працэдуры стварэньня партый, гарантаваньне іх роўных правоў і сапраўднай канкурэнцыі, а таксама на забесьпячэньне празрыстасьці фінансаваньня і дзейнасьці. Галоўная ідэя — вярнуць грамадзянам рэальнае права на ўдзел у палітычным жыцьці і ўплыў на прыняцьце рашэньняў у краіне».
Дадатковая адказнасьць заснавальнікаў камэрцыйных прадпрыемстваў зручная для судоў, — юрыст
Што да згаданай Леанідам Марозавым субсідыярнай адказнасьці, то яна тлумачыцца на партале кіраўніка Беларусі наступным чынам: «законам замацаваны справядлівы падыход у частцы ўскладаньня субсідыярнай адказнасьці па абавязацельствах даўжніка (з прычыны прычыненьня шкоды жыцьцю або здароўю, аб кампэнсацыі маральнай шкоды, выплаце заработнай платы) на ўласьнікаў, заснавальнікаў (удзельнікаў) юрыдычных асоб, прызнаных банкрутамі, — зыходзячы з прапарцыйнасьці прыналежных ім акцый».
Гэтую норму камэнтуе былы антыкрызісны кіраўнік, дарадца Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня ў прававых пытаньнях, юрыст Міхаіл Кірылюк:
«Гэта субсідыярная, або дадатковая адказнасьць заснавальнікаў камэрцыйных арганізацый па іх даўгах. Як былы антыкрызісны кіраўнік, я лічу, што такая адказнасьць павінна надыходзіць толькі пры даказанай віне, калі ёсьць наўмыснае прычыненьне шкоды. Калі ж чалавек проста ўклаў сродкі ў статутны фонд і не ўдзельнічаў у кіраваньні, то ён не павінен адказваць за шкоду, нанесеную без яго ведама. Шкоду павінен кампэнсаваць той, хто яе непасрэдна прычыніў».
Паводле юрыста Кірылюка, падыход, калі ўдзельнік адказвае прапарцыянальна ўкладу ў статутны капітал, матэматычна просты і зручны для судоў, але з прававога пункту гледжаньня ён выглядае дэфэктным.
«Раней у Беларусі мы выступалі супраць шырокага прымяненьня субсідыярнай адказнасьці, але цяпер бачым, што гэты падыход узмацняецца — адказнасьць усё больш пашыраецца, у тым ліку на заснавальнікаў».
Юрыст Міхаіл Кірылюк зьвяртае ўвагу на некаторыя станоўчыя зьмены ад увядзеньня закону:
«Дазвол камэрцыйным арганізацыям працаваць па тыпавым статуце. Гэта пазытыўны крок. Напрыклад, у Польшчы такая практыка існуе ўжо даўно. Але гэтага недастаткова. У Польшчы таксама ёсьць поўная онлайн-рэгістрацыя юрыдычных асоб, і Беларусь пакуль далёкая ад гэтага».
Кірылюк: Зьмены ў дзейнасьці партыі і грамадзкіх арганіацый пакуль ня маюць практычнага значэньня
Асноўныя зьмены ў заканадаўстве аб палітычных партыях і грамадзікх арганізацыях датычаць іх рэгістрацыі і ліквідацыі, патрабаваньняў да заснавальнікаў, кантролю дзяржавы за дзейнасьцю, падставаў для забароны або ліквідацыі, абмежаваньняў на фінансаваньне і міжнародныя сувязі. У адпаведнасьці з новым законам дадаюцца фармулёўкі кшталту «пагроза канстытуцыйнаму ладу», «экстрэмісцкая дзейнасьць», «шкода нацыянальнай бясьпецы».
Міхаіл Кірылюк адзначае, што гэтыя нормы пакуль не маюць практычнага значэньня, паколькі ў Беларусі фактычна адсутнічае магчымасьць для свабоднай дзейнасьці партый:
«Што да палітычных партый, то гэта хутчэй тэхнічныя нормы, якія спрашчаюць працу чыноўнікаў. На правы грамадзян яны ніяк не ўплываюць».
Гэтак жа Кірылюк камэнтуе ўведзеныя законам нормы, якія ўскладняюць фінансаваньне з-за мяжы і супрацоўніцтва з замежнымі арганізацыямі:
«У Беларусі і раней фактычна не было магчымасьці легальна атрымліваць такую падтрымку. У крымінальнай практыцы гэта можа трактавацца як фінансаваньне экстрэмізму. Таму гэты закон не зьмяняе сытуацыю ні ў лепшы, ні ў горшы бок. Людзі, якія ўжо выведзены з прававога поля, там і застаюцца».
Паводле юрыста, магчыма, закон паўплывае толькі на так званых «кішэнных» апазыцыянэраў — імітатараў палітычнага працэсу. Але гэта ня тая катэгорыя, за якой сочыць большасьць беларусаў, лічыць Міхаіл Кірылюк.
Ціханоўская: Лукашэнка скраў у людзей права выбару, і цяпер спрабуе гэта яшчэ і «узаконіць»
«Лукашэнка баіцца, што вы выберыце не яго», — такім чынам закон, які зьмяняе парадак стварэньня палітычных партый, пракамэнтавала лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская ў сваіх сацсетках:
«Лукашэнку не патрэбны партыі, ён баіцца любой канкурэнцыі, ён баіцца, што любыя сумленныя выбары папросту прайграе, і выберуць не яго. Бо палітычныя партыі па сваёй прыродзе даюць магчымасьць людзям аб’ядноўвацца, каб грамадзтва магло само рабіць свой палітычны выбар. Ён скраў у людзей права выбару, і цяпер спрабуе гэта яшчэ і „узаконіць“».
- З 2020 году як мінімум 2012 беларускіх грамадзкіх аб’яднаньняў, установаў, асацыяцыяў і фондаў зьліквідаваныя ці знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі, паведаміла праваабарончая арганізацыя Lawtrend. Пасьля «зачысткі» грамадзка-палітычнага сэктару ў Беларусі засталося 4 зарэгістраваныя палітычныя партыі з 15. Гэта партыя «Белая Русь»(старшыня Вольга Чамаданава), Лібэральна-дэмакратычная партыя (старшыня Алег Гайдукевіч), Камуністычная партыя Беларусі (першы сакратар Сяргей Сыранкоў), Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці (старшыня Аляксандар Хіжняк).
Форум