Амэрыканка правяла паўгода ў турме праз памылку штучнага інтэлекту

Ілюстрацыйны здымак

Вялікая памылка штучнага розуму прычынілася да таго, што жанчына страціла паўгода свайго жыцьця ў турме.

У штаце Тэнэсі 50-гадовая Анджэла Ліпс правяла амаль паўгода ў турме пасьля таго, як паліцыя памылкова арыштавала яе як падазраваную з дапамогай сыстэмы распазнаваньня твараў, пішуць амэрыканскія СМІ, на якія спасылаецца devby.io.

Расьсьледуючы сэрыю банкаўскіх махлярстваў, дэтэктывы з паліцыі Паўночнай Дакоты прааналізавалі запісы з камэраў назіраньня і атрымалі супадзеньне з фатаграфіямі Ліпс. На падставе візуальнага падабенства — рысаў твару, целаскладу і прычоскі — сьледзтва вырашыла, што менавіта яна выкарыстоўвала падробленае вайсковае пасьведчаньне для зьняцьця дзясяткаў тысяч даляраў.

Пры гэтым, як высьветлілася пазьней, жанчына ў момант злачынстваў знаходзілася больш чым у 1900 км ад месца падзей.

Анджэлу Ліпс арыштавалі летась 14 ліпеня, калі яна даглядала ўнукаў.

«Я ніколі не была ў Паўночнай Дакоце і ня знаю там нікога», — заявіла яна журналістам.

Перад вызваленьнем яна правяла 108 дзён у акруговай турме Тэнэсі без закладу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можа, так і трэба». Як штучны інтэлект замяняе «жывы» кантэнт у сацыяльных сетках

Адвакат жанчыны Джэй Грынвуд неўзабаве запытаў банкаўскія выпіскі, якія паказалі, што ў дні меркаваных злачынстваў жанчына рабіла звычайныя пакупкі і атрымлівала сацыяльныя выплаты ў родным штаце. Нягледзячы на гэта, паліцыя сустрэлася з абаронай толькі празь пяць месяцаў пасьля арышту. Справа была канчаткова закрыта толькі ў сьнежні.

Да таго часу наступствы для Ліпс аказаліся сур’ёзнымі: з прычыны працяглага зьняволеньня яна страціла дом, аўтамабіль і нават хатняга гадаванца. Паводле ейных словаў, афіцыйных прабачэньняў ад паліцыі яна дагэтуль не атрымала.

Праваабаронцы адзначаюць, што за апошнія гады здарылася некалькі выпадкаў, калі праграмнае забесьпячэньне ўплывала на несправядлівыя судовыя рашэньні і прыводзіла да арыштаў невінаватых асобаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Акадэміі навук у тэставым рэжыме правераць магчымасьць выкарыстаньня штучнага інтэлекту кітайскай кампаніі