«Завочна пасадзілі пад варту. А маглі б расстраляць», — напісаў Карпека на сваёй старонцы ў Facebook.
У красавіку 2025 году МУС унесла расьсьледніцкі праект «Бюро Мэдыя» ў сьпіс экстрэмісцкіх фармаваньняў і адзначыла Аляксея Карпеку як датычнага да яго.
У ліпені стала вядома, што яго разам зь іншымі журналістамі «Бюро» абвясьцілі ў вышук.
Вэтэрана Беларускага мэталюргічнага заводу асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмізму»
51-гадовага Дзяніса Намесьнікава Гомельскі абласны пакараў «хатняй хіміяй» за садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці (ч. 1 і 2 арт. 361‑4 КК).
Ён родам са Жлобіна. Калі меркаваць па яго сацсетках, каля 30 гадоў рабіў на Беларускім мэталюргічным заводзе ва ўпраўленьні аўтаматызацыі, якое адказвае за IT-тэхналёгіі і абслугоўваньне ўсёй кампутарнай тэхнікі прадпрыемства. З 1999 году ўваходзіў у таварыства паляўнічых і рыбаловаў, піша «Наша Ніва».
Супраць беларуса, які казаў, што сілавікі «трасуць» сям’ю праз лайк дзесяцігадовай даўніны, завялі крымінальную справу
17 сакавіка прадстаўнік Слонімскага РАУС паведаміў у набліжаным да сілавікоў тэлеграм-канале, што апэратыўнікі падчас інтэрнэт-маніторынгу заўважылі лайк, які, паводле іх вэрсіі, 47-гадовы жыхар Слоніма пакінуў пад публікацыяй, што абражае Аляксандра Лукашэнку, перадае «Люстэрка».
Падчас праверкі ў мужчыны і ягонай жонкі знайшлі таксама падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы. Цяпер мужчына — фігурант крымінальнай справы. На відэа паказалі Сяргея за кратамі. Ён сказаў, што ня ведаў, пра сваю падпіску на забаронены ў Беларусі рэсурс.
Раней тэлеграм-канал «Суды, задержания. Гродно и область» апублікаваў відэа Сяргея, які распавядаў, што сілавікі ціснуць на ягоную сям’ю за лайк, пакінуты ў 2016 годзе пад «нядобрым фатаздымкам» Аляксандра Лукашэнкі ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники».
Гэта было зроблена са старонкі мужчыны. Як гэта адбылося, уладальнік акаўнту ня ведае. Сытуацыю ён называў «цыркам з коньмі» і меркаваў, што ня тую кнопку мог націснуць нехта зь дзяцей.
«У мяне ноўтбук быў даступны для ўсіх чальцоў сям’і, — казаў Сяргей. — Ён у мяне проста стаяў, дзеці гулялі ў гульні ўсякія, мульцікі-шмульцікі, то-сё. Ну, і на маёй старонцы капаліся. Магчыма, націснула дзіця, выпадкова лайкнула, ці спадабалася яму карцінка. І яны цяпер капаюць гэтую сытуацыю. Нэрвы падымаюць і мне, і дзецям».
Паводле словаў мужчыны, спачатку выклікалі яго, потым у Сьледчы камітэт без павесткі паклікалі жонку.
12 сакавіка Сяргей апавёў, што ягоную жонку затрымалі паводле адміністрацыйнай справы за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўмільёна беларусаў у Threads: Чаму ўлады ўзяліся за гэтую сацыяльную сетку і чым яна вабіць карыстальнікаў