Як паведамляе Белстат, аб’ём ВУП у актуальных цэнах за студзень–люты 2026 году склаў 43,9 млрд рублёў, або ў супастаўных цэнах 98,8% да ўзроўню студзеня–лютага 2025 году.
Як паведамляў Белстат, у 2025 годзе ВУП Беларусі вырас на 1,3%, а ў 2024 годзе — на 4,3%. Прычына спаду ВУП — падзеньне ў апрацоўчай прамысловасьці.
Пры гэтым Белстат заявіў пра рост грашовых даходаў насельніцтва ў студзені 2026 году: 107,5% да ўзроўню студзеня 2025 году.
Разам з тым Белстат паведаміў пра вынікі працы ўстановаў грамадзкага харчаваньня ў студзені–лютым 2026 году.
«Таваразварот грамадзкага харчаваньня ў студзені–лютым 2026 году склаў 1,1 млрд рублёў, або 96,6% у супастаўных цэнах да ўзроўню студзеня–лютага 2025 году», — паведаміла ведамства.
Такім чынам, таваразварот кавярняў і рэстарацыяў упаў на 3,4%, людзі сталі меней у іх хадзіць.
У другой палове 2025 году прамысловасьць Беларусі таксама працавала з адмоўнай дынамікай — 98,2% да 2-га паўгодзьдзя папярэдняга году. Правал у апрацоўчай прамысловасьці ставіць пад сумнеў урадавы прагноз росту ВУП у 2026 годзе на 2,8%.
Эўразійскі банк разьвіцьця спрагназаваў прырост беларускай эканомікі ў 2026 годзе на 1,8% дзякуючы інвэстыцыйным праектам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У эканоміцы Беларусі зафіксавалі спад рэнтабэльнасьці і рост запазычанасьці