Трамп заявіў аб «вельмі кепскай» будучыні NATO з-за Армускай пратокі

Камэрцыйныя судны ля берагоў Дубая, 11 сакавіка 2026

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у размове з Financial Times заявіў, што будучыня NATO можа аказацца «вельмі кепскай», калі саюзьнікі не дапамогуць гарантаваць бясьпеку Армускай пратокі.

Раней Трамп заклікаў Вялікую Брытанію, Францыю, Кітай, Японію і Паўднёвую Карэю далучыцца да намаганьняў па адкрыцьці пратокі, празь якую праходзіць каля пятай часткі ўсёй сусьветнай нафты.

Трамп патрабуе ўдзелу саюзьнікаў

Па дадзеных The Wall Street Journal, адміністрацыя ЗША плянуе абвясьціць аб стварэньні міжнароднай кааліцыі для суправаджэньня суднаў праз пратоку. Чакаецца, што ў яе ўвойдуць некалькі краінаў, якія пагадзіліся ўдзельнічаць у апэрацыі.

«Цалкам дарэчы, каб тыя, хто здабывае выгаду ад пратокі, дапамаглі забясьпечыць бясьпеку, каб там не адбылося нічога дрэннага, — сказаў Трамп. — Калі ня будзе адказу або калі адказ будзе адмоўным, я думаю, гэта будзе вельмі кепскім для будучага NATO».

Як зазначае Financial Times, прэзыдэнт ЗША аргумэнтаваў сваю пазыцыю тым, што Эўропа і Кітай у большай ступені залежаць ад нафты з Пэрсыдзкай затокі, чым ЗША.

Трамп сказаў наконт эўрапейскіх саюзьнікаў ЗША:

«Нам неабавязкова было дапамагаць ім з Украінай. Украіна знаходзіцца за тысячы міляў ад нас. Але мы ім дапамаглі. Цяпер паглядзім, ці дапамогуць яны нам. Бо я даўно кажу, што мы будзем побач зь імі, а яны з намі — не. Ня ўпэўнены, што яны будуць побач».

Ён дадаў, што саюзьнікі павінныя даслаць мінныя тральшчыкі, якіх у Эўропы значна больш, чым у ЗША.

Трамп таксама хоча, каб эўрапейскія каманды спэцназу або іншыя ваенныя сілы дапамаглі ліквідаваць сілы Ірана, якія ствараюць праблемы у Пэрсыдзкай затоцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп адмовіўся ад украінскай дапамогі ў абароне ад дронаў

Рост рызыкаў для рынку нафты

Пасьля пачатку ваеннай апэрацыі ЗША і Ізраіля Іран фактычна перакрыў Армускую пратоку. Кіраўнікі амэрыканскіх нафтавых кампаній Mobil, Chevron і ConocoPhillips, па дадзеных The Wall Street Journal, папярэдзілі адміністрацыю Трампа, што перабоі ў суднаходстве ў пратоцы «будуць працягваць ствараць валатыльнасьць на сусьветных энэргетычных рынках».

Саюзьнікі не сьпяшаюцца адпраўляць флёт

Па дадзеных The Telegraph, прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр адмовіўся адпраўляць ваенныя караблі ў Армускую пратоку.

Міністар абароны Нямеччыны Барыс Пісторыюс выключылі магчымасьць удзелу бундэсвэра ў ваеннай місіі па забесьпячэньні бясьпекі Армускай пратокі. Пра гэта ж сёньня заявіў і афіцыйны прадстаўнік нямецкага ўраду Штэфан Карнеліюс: «Злучаныя Штаты ня раіліся з намі перад гэтай вайной, таму мы лічым, што гэта не задача для NATO і ўраду Нямеччыны».

Карнэліюс падкрэсьліў афіцыйную пазыцыю Бэрліну, якая выключае ўдзел у вайне ЗША і Ізраіля супраць Ірана. «Пакуль гэта вайна працягваецца, ніякага ўдзелу ня будзе, нават у апэрацыі па забесьпячэньні бясьпекі Армускай пратокі ваеннымі сродкамі», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп пагражае новымі нападамі на востраў Харг пасьля ўдару Ірану па арабскіх дзяржавах Пэрсыдзкай затокі

ЭЗ і Кітай абмяркоўваюць магчымыя рашэньні

Кіраўніца зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ Кая Каллас паведаміла, што абмяркоўвала з генэральным сакратаром ААН Антоніу Гутэрышам магчымасьць аднаўленьня транспартаваньня нафты і газу праз Армускую пратоку па мадэлі «збожжавага калідора», які дазволіў Украіне экспартаваць збожжа падчас вайны.

Паводле Калас, краіны ЭЗ абмяркоўваюць магчымыя крокі для забесьпячэньня суднаходства. У прыватнасьці, разглядаецца пашырэньне мандату вайскова-марской місіі Aspides, якая цяпер абараняе гандлёвыя судны ў Чырвоным моры, на Пэрсыдзкую затоку.

Трамп таксама заявіў Financial Times, што разьлічвае на дапамогу Кітая ў адкрыцьці пратокі да свайго візыту ў Пэкін у канцы месяца.

«Я думаю, што Кітай таксама павінен дапамагчы, бо 90% нафты Кітай атрымлівае праз пратоку», — сказаў ён.

Прэзыдэнт ЗША дапусьціў, што яго паездка ў Кітай можа быць адкладзеная.