З 18-й гадзіны 15 сакавіка і раніцай 16 сакавіка расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 211 ударнымі дронамі розных тыпаў.
Як паведамілі ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны, асаблівасьць удару — нетыповая ранішняя атака з выкарыстаньнем ударных дронаў розных тыпаў у кірунку Кіеўшчыны. Асноўныя кірункі ўдараў — Адэская, Запароская і Кіеўская вобласьці.
Папярэдне, супрацьпаветраная абарона Ўкраіны абясшкодзіліа 194 расейскія бесьпілётнікі тыпу Shahed, Гербера, Італмас і іншыя.
Украінскія вайскоўцы зафіксавалі пацэльваньне 16 ударных дронаў па 10 лякацыях, а таксама падзеньне аскепкаў на 11 лякацыях.
Цягам апошніх некалькіх месяцаў расейскія войскі атакавалі Кіеў пераважна ўначы або на сьвітанку.
Як паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода з спасылкай на маніторынгавыя каналы, расейскія войскі спрабавалі ўдарыць па Кіеве новымі ракетамі «Изделие-30», іх нібыта зьбілі на падлёце да сталіцы. Аднак афіцыйна пра гэта не паведамлялі, а Паветраныя сілы Ўкраіны ўвогуле не згадвалі ў сваёй справаздачы выкарыстаньне Расеяй ракет для ранішняга ўдару.
Паводле кіеўскіх уладаў, у сталіцы аскепкі дронаў упалі ў трох раёнах, у тым ліку на майдане Незалежнасьці ў самым цэнтры горада, паблізу стэлы Незалежнасьці. Пацярпелых папярэдне не было.
Выданьне Defense Express па выніках ацэнкі аскепкаў, што ўпалі каля стэлы Незалежнасьці ў Кіеве, паведаміла аб выкарыстаньні новага дрону «Ланцэт» з штучным інтэлектам. Паводле аналітыкаў, такія дроны ўяўляюць значную пагрозу і яго выкарыстаньне стала дэманстрацыяй новых магчымасьцяў Расеі.
Улады Адэскай вобласьці паведамілі аб расейскай атацы дронамі на Чарнаморск, у выніку якой пашкоджаньні атрымаў дзіцячы садок. Людзі не пацярпелі.
Расейскія войскі рэгулярна абстрэльваюць Украіну з розных відаў узбраеньня — ударнымі дронамі, ракетамі, кіраванымі авіябомбамі.
Кіраўніцтва Расеі зьняпраўджвае тое, што расейская армія наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры і мірным насельніцтве.
Украінская ўлада і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і пераконваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.