BelPol: пры ўкраінскай атацы на прадпрыемства ў Бранску зьнішчана абсталяваньне ад беларускага «Планару»

Наступствы ўкраінскага ўдару па Бранску 10 сакавіка 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

У аб’яднаньні былых сілавікоў BelPol паведамілі, што ў часе ўкраінскага ўдару па расейскім заводзе мікраэлектронікі «Кремний Эл» у Бранску зьнішчылі абсталяваньне, якое туды паставілі зь беларускага ААТ «Планар».

Як паведамілі ў арганізацыі, кантракты, якія атрымалі ў BelPol, паказваюць маштаб паставак абсталяваньня для вырабу мікрачыпаў і сетку расейскіх прадпрыемстваў, якія атрымліваюць такую тэхніку. Кошт зьнішчанага абсталяваньня ацэньваецца ў «мільёны даляраў».

Згодна з дакумэнтамі, на якія спасылаецца BelPol, «Планар» пастаўляў на бранскае прадпрыемства абсталяваньне сама меней дзевяці катэгорыяў.

У якасьці пацьверджаньня арганізацыя апублікавала адзін з кантрактаў, паводле якога зь Беларусі ў 2023 і 2024 гадах паставілі рознага тыпу ўстановак амаль на 4 мільёны даляраў.

У BelPol апублікавалі поўны пералік расейскіх кампаніяў і прадпрыемстваў, якія забясьпечвае абсталяваньнем беларускае ААТ «Планар», у тым ліку ў Маскве, Калузе, Томску, Новасібірску, Ніжнім Ноўгарадзе і іншых гарадах Расеі.

Украінскія сілы нанесьлі ўдар па заводзе мікраэлектронікі «Кремний Эл» у Бранску 10 сакавіка. Прадпрыемства вырабляе чыпы для ракетных комплексаў і бесьпілётнікаў. Тады ўлады Бранску паведамілі пра 6 загінулых і дзясяткі параненых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна атакавала завод мікраэлектронікі ў Бранску, які вырабляе чыпы для ракет і бесьпілётнікаў