Хроніка перасьледу 16 сакавіка: новыя выракі за «экстрэмізм», у тым ліку ў «справе Гаюна»

Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі працягваецца палітычны перасьлед іншадумцаў. Пераструсы, арышты, крымінальныя справы.

Асудзілі былую кіраўніцу «патрыятычнага» клюбу

Ганьне Прымачовай 47 гадоў. У 1999 годзе скончыла мясцовы пэдагагічны каледж, а ў 2003‑м атрымала дыплём у спэцыяльнасьці «беларуская літаратура» на філялягічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны. У жанчыны ёсьць муж і дзіця, апошнім часам сям’я жыла ў мястэчку Церахоўка Добрускага раёну.

Раней яна была намесьніцай дырэктара рэчыцкага вайскова-патрыятычнага клюбу «Золак» у выхаваўчай працы. На канец 2024 году Ганна працавала ў сярэдняй школе № 66 Гомля. Вядома, што ў другім паўгодзьдзі яна па суботах вяла там гурток «Юныя інспэктары дарожнага руху» для вучняў 5–9 клясаў, напісала «Наша Ніва».

Гомельскі абласны суд вынес Ганьне прысуд адразу паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу: за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні» (ч. 3 арт. 361-1 КК), «абразу Лукашэнкі» (ч. 1 і 2 арт. 368 КК) і «абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369-1 КК).

Падобна, жанчыне прысудзілі «хатнюю хімію».

Прысуд аматару спорту зь Пінску за «экстрэмізм»

Валянціну Глінскаму 39 гадоў. Ён зь Пінску, дзе вучыўся ў гімназіі № 3, пасьля паступіў у БНТУ. Валянцін працаваў у тым ліку на Белпошце, пекарам у кампаніях «ПалесьсеПрадукт» і «Радуга-сьвятло».

Апошнім часам мужчына працаваў у таксі «Яндэкс Go» і кіроўцам у адной зь мясцовых фірмаў. У Валянціна ёсьць непаўналетняя дачка.

Па-за працай мужчына быў фанатам хакейнага клюбу «Ястрабы», які ў 2022‑м стаў даччыным клюбам салігорскага «Шахтара». Ён наведваў іх хатнія і выязныя матчы. Акрамя хакею, мужчына цікавіўся аўтаспортам, у прыватнасьці «Формулай-1», пісала «Наша Ніва».

Як стала вядома, Валянціна Глінскага затрымалі яшчэ ў канцы мінулага году. Цяпер яго асудзілі паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 («садзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці») Крымінальнага кодэксу. Мужчыну прысудзілі, падобна, «хатнюю хімію».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 13 сакавіка: 69-гадовую пэнсіянэрку асудзілі за «абразу Лукашэнкі», арыштаваных выдаўцоў прызналі палітвязьнямі

Позвы палітвязьням

Стала вядома, што некаторым былым палітвязьням, якіх вызвалілі з-за кратаў і прымусова вывезьлі зь Беларусі, сталі прыходзіць позвы з вайсковага камісарыяту.

Ад іх патрабуюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсьці ў камісарыят — аднавіцца на вайсковым уліку.

«У выпадку няяўкі бяз важкай прычыны вы можаце быць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці», — напісана ў позьве, якую цытуе «Вясна».

Прысуд у «справе Гаюна»

Вадзіму Мікулічу 38 гадоў. Ён з Амсьціслава. Вучыцца паехаў у Менск, у 2010 годзе скончыў хімічны факультэт БДУ, піша «Наша ніва». Пасьля ён паступіў у магістратуру, а тады ў асьпірантуру Інстытуту хіміі новых матэрыялаў Акадэміі навук.

У 2016 годзе малады навуковец пасьпяхова абараніў кандыдацкую дысэртацыю ў фізычнай хіміі, якая была прысьвечана тонкабалонным матэрыялам для аптычных прыладаў.

Доўгі час Вадзім працаваў у Акадэміі навук: спачатку малодшым навуковым, а потым навуковым супрацоўнікам. Займаўся арганічным сынтэзам і стварэньнем палімэраў.

У 2018 годзе Вадзім перайшоў у ЗАТ «Галяграфічная індустрыя» — кампанію, якая спэцыялізуецца на вытворчасьці галяграмаў і ахоўных знакаў для дакумэнтаў. Там ён вырас з інжынэра-тэхноляга да начальніка аддзелу навукі й інавацыйнай дзейнасьці.

Па-за працай і навукай Вадзім заўзяты рыбак. У тэматычных суполках ён дзяліўся ўласным досьведам лоўлі на фідэр, абмяркоўваў выбар вудаў, жылкі і прыкорму на ліна ці амура. Вадзім даваў карысныя парады пачаткоўцам і ўвогуле шмат пісаў пра сваё хобі, адзначае выданьне.

Навукоўца судзілі ў Менскім гарадзкім судзе паводле частак 1 і 2 артыкулу 361‑4 КК («садзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Перасьлед зьвязаны з «справай Гаюна». Мужчыну прысудзілі «хатнюю хімію».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 11 сакавіка: завочны прысуд за камэнтары ў інтэрнэце — 6 гадоў калёніі

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».