У Казахстане больш за 86 адсоткаў грамадзян падтрымалі новую Канстытуцыю. Рэфэрэндум суправаджаўся затрыманьнямі

Галасаваньне на рэфэрэндуме 15 сакавіка 2026 году ў Казахстане

15 сакавіка ў Казахстане адбыўся рэфэрэндум аб новай Канстытуцыі. Вынікі экзыт-полаў паказалі, што «выбарнікі падтрымалі новы праект».

Прэзыдэнт Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што «казахстанскі народ зрабіў фундамэнтальны выбар», паведаміла Казаскаая служба Радыё Свабода.

Вынікі экзыт-полаў

Згодна з вынікамі экзыт-полаў, апублікаваных у ноч на 16 сакавіка, больш за 86 адсоткаў выбарнікаў падтрымалі новую Канстытуцыю.

Паводле апытаньня Інстытуту эўразійскай інтэграцыі, «86,7% выбарнікаў падтрымалі новую Канстытуцыю», а дасьледчы інстытут «Социс-А» назваў лічбу 87,4%. Вынікі экзыт-полаў Інстытуту дзяржаўнай палітыкі кіроўнай партыі «Аманат» склалі 88,6 адсотка.

Пасьля публікацыі вынікаў экзыт-полаў прэзыдэнт Казахстану абвясьціў аб прыняцьці новай Канстытуцыі.

«Вынікі экзыт-полу толькі што апублікаваныя. Згодна зь імі, казахстанскі народ зрабіў фундамэнтальны гістарычны выбар. Я хацеў бы выказаць шчырую падзяку нашаму народу. Сёньня наш народ прагаласаваў і вызначыў гісторыю і лёс Казахстану. Гэтае рашэньне назаўжды застанецца ўва ўсясьветнай гісторыі», — сказаў ён.

Акрамя таго, Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што 15 сакавіка цяпер будзе Днём Канстытуцыі ў краіне, а ўлетку адбудуцца парлямэнцкія выбары.

Цэнтральная камісія рэфэрэндуму паведаміла, што ў галасаваньні ўзялі ўдзел 73,24% з больш чым 12 мільёнаў выбарнікаў, якія мелі права голасу. Гэта значыць, што атрымалі бюлетэні больш за 9,1 мільёна чалавек.

Афіцыйныя вынікі рэфэрэндуму ЦВК абвесьціць у бліжэйшыя дні.

Яўка выбарнікаў на ўчасткі галасаваньня за новы праект Канстытуцыі

Затрыманьні актывістаў, назіральнікаў і журналістаў

У дзень рэфэрэндуму назіральнікам і журналістам перашкаджалі працаваць, актывістаў затрымлівалі. Былі сьведчаньні таго, што выбарнікі фатаграфаваліся з запоўненымі бюлетэнямі. З раніцы на плошчы Астаны ў горадзе Алматы была ўзмоцненая ахова. Мухтар Аблязаў, апазыцыйны дзяяч, які жыве за мяжой і лідэр руху «Дэмакратычны выбар Казахстану» (ДВК), заклікаў правесьці на плошчы мітынг. Улады Казахстану забаранілі рух ДВК і прызналі яго «экстрэмісцкай арганізацыяй», у той час як Эўрапейскі Парлямэнт лічыць яго «мірнай апазыцыйнай арганізацыяй».

Паліцыя затрымала трох чалавек на плошчы ў Алматы — Алмата Жумагулава, Аралбека Эмірава і Сюйындыка Алдабергенава — і даставіла іх у паліцэйскі пастарунак. Пакуль невядома, чаму іх затрымалі.

У Астане назіральнік ад арганізацыі «Крыло свабоды» Рахат Садыкаў заявіў, што яго выгналі з залі, бо ён хацеў уважліва назіраць за працай камісіі. Паведамляюць, што назіральнікам адмаўлялі ў праве быць на выбарчых участках з прычыны «браку вольнага месца».

У казахстанскай сталіцы затрымалі трох карэспандэнтаў, якія прыйшлі асьвятляць галасаваньне прэзыдэнта Такаева, у тым ліку карэспандэнта Казахстанскай службы Радыё Свабода Жалдаса Эрысбая. Што праўда, іх вызвалілі праз тры гадзіны.

Пасьля галасаваньня Такаеў адказаў на пытаньні журналістаў. Ён заявіў, што «новая Канстытуцыя ўмацуе тэрытарыяльную цэласнасьць, незалежнасьць і сувэрэнітэт краіны», а таксама паведаміў, што «актыўна ўдзельнічаў у рыхтаваньні праекту Канстытуцыі і асабіста прапанаваў канцэпцыю прэамбулы й іншых палажэньняў».

Паводле яго, прэзыдэнцкія выбары адбудуцца своечасова, у 2029 годзе. Такаеў закрануў таксама тэму існаваньня дваяўладзьдзя ў краіне.

«Агулам кажучы, дваяўладзьдзя не павінна быць ні ў якой краіне, у тым ліку ў Казахстане. Мы таксама аднойчы сутыкнуліся з такой сыстэмай, але яна не была пасьпяховай. Чатыры гады таму ўнутраная стабільнасьць нашай краіны апынулася пад пагрозай. Я думаю, што гэта была вялікая навука для Казахстану й іншых краін», — сказаў Такаеў.

Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на ўчастку ў Астане, 15 сакавіка 2026 году

Многія людзі, якія прыйшлі на выбарчыя ўчасткі па ўсёй краіне, фатаграфаваліся каля скрыні для галасаваньня. На адным з выбарчых участкаў у Алматы выбарнік паведаміў Радыё Свабода, што ён «фатаграфуецца, каб паказаць на працы». Іншыя выданьні таксама паведамлялі аб такіх фактах — нібыта за галасаваньне ў падтрымку новай Канстытуцыі плацілі грошы.

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, кампанія арганізацыі і правядзеньня рэфэрэндуму абышлася ў 20,8 мільярда тэнге (каля 42 мільёнаў даляраў).

Як галасаваў Назарбаеў

Колішні прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў галасаваў на выбарчым участку ў сталіцы. Пасьля атрыманьня бюлетэню ён жартам запытаў у чальцоў камісіі: «Ці вы мяне ведаеце, ці мушу паказаць вам пашпарт?» Пасьля галасаваньня журналісты паспрабавалі ўзяць у яго інтэрвію, але Назарбаеў толькі зірнуў на іх і сышоў. Журналісты спыталі яго: «Вашу Канстытуцыю перапісваюць. Што вы пра гэта думаеце?»

Камэнтары Назарбаева пазьней апублікавалі на яго афіцыйным сайце, дзе ён сказаў, што «зрабіў свой выбар на карысьць Касым-Жамарта Такаева ў патрэбны час і ніколі ня зьменіць свайго выбару».

Экс-прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў атрымлівае бюлетэнь на рэфэрэндуме, 15 сакавіка 2026 году

«Зараз неабходна яшчэ больш умацаваць Казахстан і падняць яго прэстыж. У гэтым кірунку праводзіцца немалая праца, у тым ліку сёньняшні рэфэрэндум, які я падтрымліваю, мае вялікае значэньне», — сказаў ён.

За трыццаць гадоў кіраваньня Назарбаева Канстытуцыя некалькі разоў зьмянялася, мацуючы яго ўладу. Назарбаеў пакінуў пасаду прэзыдэнта ў 2019 годзе, вылучыўшы Такаева сваім пераемнікам. Аднак ён захаваў свой уплыў на ўладу праз свой статус Елбасы («лідэра нацыі»), прадугледжаны Канстытуцыяй. У той час у краіне ішлі размовы пра дваяўладзьдзе. Пасьля масавых пратэстаў у студзені 2022 году ўплыў Назарбаева на ўладу зьменшыўся, а статус Елбасы скасавалі.

Канстытуцыю ўхвалілі хутка

У сваім звароце ў верасьні 2025 году Такаеў абвясьціў аб стварэньні аднапалатнага парлямэнту замест дзьвюхпалатнага. Ён заявіў, што гэтыя зьмены будуць абмяркоўвацца ў 2026 годзе і вынесеныя на рэфэрэндум у 2027 годзе. Але на Нацыянальным курултаі ў студзені 2026 году Такаеў стварыў Канстытуцыйную камісію для абмеркаваньня паправак у Канстытуцыю. Камісія прапанавала цалкам перагледзець Канстытуцыю за 22 дні. Такаеў прыняў прапанову і прызначыў рэфэрэндум аб новай Канстытуцыі.

Новая Канстытуцыя прадугледжвае аднапалатны парлямэнт, які абіраецца паводле партыйных сьпісаў, стварэньне пасады віцэ-прэзыдэнта і дарадчага органу пад назвай Народная рада. У праекце гаворыцца, што чальцоў Народнай рады будзе прызначаць прэзыдэнт.

Акрамя таго, праект Канстытуцыі прадугледжвае, што прэзыдэнт будзе асабіста прызначаць генэральнага пракурора, старшыняў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, кіраўнікоў Нацыянальнага банку і Камітэту нацыянальнай бясьпекі без умяшаньня парлямэнту. Згодна зь дзейнай Канстытуцыяй, прэзыдэнт павінен даваць сваю згоду на гэтыя прызначэньні.

Хоць некаторыя крытыкі заяўляюць, што заканадаўчая ўлада будзе аслаблена, а паўнамоцтвы прэзыдэнта яшчэ больш пашырацца, у адміністрацыі прэзыдэнта сьцьвярджаюць, што сыстэма абмежаваньняў і процівагаў будзе ўмацаваная і «забясьпечыць доўгатэрміновае ўстойлівае разьвіцьцё» краіны.

Аўтары праекту Канстытуцыі кажуць, што дакумэнт будзе спрыяць «стварэньню справядлівага і прагрэсіўнага Казахстану», удакладненьню парадку абароны правоў чалавека, умацаваньню незалежнасьці і сувэрэнітэту краіны. Прыхільнікі праекту сьцьвярджаюць, што тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта абмежаваны адным тэрмінам, у ім замацаваныя прынцыпы моцнага прэзыдэнта, уплывовага парлямэнту і падсправаздачнага ўраду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Казахстане масава выдаляюць допісы з крытыкай уладаў з Facebook і Instagram

Крытыкі новага праекту Канстытуцыі сьцьвярджаюць, што ён рыхтаваўся пасьпешліва, не прайшоў публічнага абмеркаваньня, што праект аслабіць сыстэму ўзаемных абмежаваньняў і процівагаў галінаў улады, а гэта дасьць прэзыдэнту больш паўнамоцтваў.

Напярэдадні рэфэрэндуму адбыліся арышты экспэртаў, якія выступалі супраць канстытуцыйных зьменаў. Кіраўніка фонду «Эльге Кайтару» Аразалы Ержанава, які крытыкаваў праект, затрымалі на два месяцы. Улады абвінавацілі яго ў спробе перашкодзіць грамадзянам рэалізаваць права голасу. Акрамя таго, з сацыяльных сетак зьніклі камэнтары журналістаў, блогераў і грамадзкіх актывістаў, якія крытыкавалі праект Канстытуцыі. Некаторыя зь іх пазьней аднавіліся.

28 лютага Місія Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) раскрытыкавала рыхтаваньне да рэфэрэндуму ў Казахстане. Экспэрты Бюро зьвярнулі асаблівую ўвагу на недахоп часу для рыхтаваньня рэфэрэндуму і на брак у выбарнікаў поўнай інфармацыі і магчымасьці выбару.

Экспэрты БДІПЧ абвясьцілі, што праз абмежаваны час яны вырашылі накіраваць на галасаваньне 15 сакавіка 2026 году невялікую місію для ацэнкі рэфэрэндуму, а ня місію назіраньня за рэфэрэндумам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казахстан праводзіць рэфэрэндум аб зьмене Канстытуцыі