Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане масава выдаляюць допісы з крытыкай уладаў з Facebook і Instagram

Meta
Meta

Кампанія Meta, якая валодае сацыяльнымі сеткамі Facebook і Instagram, выдаляе публікацыі жыхароў краіны, якія крытыкуюць праект Канстытуцыі або крытыкуюць улады з іншых прычынаў.

Праект Канстытуцыі выносіцца на рэфэрэндум, які адбудзецца 15 сакавіка. Сваіх допісаў пазбавіліся незалежныя журналісты, блогеры і грамадзкія дзеячы. Выдаленьне адбываецца фармальна з-за скаргаў аднаго карыстальніка ў службу падтрымкі. Аўтары выдаленых публікацый лічаць яго толькі выканаўцам «заказу», піша «Азаттык Азия».

Рэдакцыя незалежнага выданьня Respublika.kz.media таксама сутыкнулася з атакамі на свае старонкі ў Facebook і Instagram. Карыстальнік, названы Giorgio Armani, падаў скаргі, заявіўшы аб парушэньні аўтарскіх правоў, хоць ні відэа, ні фота, ні тэкставыя публікацыі не зьмяшчалі таварных знакаў.

Кампанія Meta, якая паведаміла аб 167 скаргах, якія паступілі на зьмест выданьня, у далейшым выдаліла публікацыі — аж да сьнежня мінулага году.

Атакі зазнала і асабістая старонка галоўнай рэдактаркі Respublika.kz.media Ірыны Петрушовай. Яна дзялілася публікацыямі з крытыкай праекту Канстытуцыі, расказвала пра затрыманьне Аразалы Ержанава, які прапаноўваў байкатаваць рэфэрэндум па Асноўным законе, і пра арышт былога сьвятара Якава Варанцова, праціўніка вайны Расеі супраць Украіны. Усе гэтыя публікацыі пазьней Meta выдаліла.

Гэта далёка ня першыя атакі на актыўных у сацыяльных сетках грамадзянаў Казахстану, якія крытыкуюць дзеяньні ўладаў. Раней невядомыя ўзломвалі ўліковыя запісы незалежных журналістаў Лукпана Ахмедзярава, Асхата Ніязава і Вадзіма Барэйку, пасьля чаго выдалялі існуючыя публікацыі зь іхных старонак, альбо разьмяшчалі там непрыстойны кантэнт.

У траўні 2025 году міністарка культуры і інфармацыі Казахстану Аіда Балаева сустракалася ў Астане з дырэктарам дзяржаўнай палітыкі Meta Сарымам Алі Азізам. Паводле ведамства, усяго за пяць месяцаў летась мадэратары выдалілі больш за 7,5 тысяч публікацый у Facebook і Instagram, якія, на думку чыноўнікаў, парушаюць законы краіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG