Усенароднае галасаваньне стартавала раніцай 15 сакавіка. У бюлетэні ўсяго адно пытаньне: ці прымаюць грамадзяне новую Канстытуцыю, апублікаваную 12 лютага. Галасаваць можна толькі за ўвесь дакумэнт цалкам — падтрымаць яго ці адхіліць.
Што зьмяняецца ў Канстытуцыі Казахстану:
- зьмяняецца каля 40% усяго тэксту, а зьмены пераважна закрануць узаемаадносіны паміж галінамі ўлады;
- замацоўваецца сямігадовы прэзыдэнцкі тэрмін бяз права пераабірацца (гэтая папраўка была прынятая яшчэ ў 2022 годзе);
- замест двухпалатнага парлямэнту засноўваецца аднапалатны Курултай, 145 дэпутатаў якога павінны будуць абірацца па партыйных сьпісах тэрмінам на пяць гадоў. Дзейная ў краіне зьмяшаная выбарная сыстэма скасоўваецца;
- зьявіцца новы кансультатыўны орган — Халык Кенесы — Народная рада, які будзе зьбірацца не радзей за адзін раз на год і мець права заканадаўчай ініцыятывы. Усе 126 сябраў Халык Кенесы будуць прызначацца прэзыдэнтам Казахстану;
- праз 30 гадоў аднаўляецца пасада віцэ-прэзыдэнта. Ягоную кандыдатуру будзе прапаноўваць на ўзгадненьне з Курултаем сам прэзыдэнт;
- дэпутаты Курултаю змогуць ініцыяваць працэдуру адхіленьня прэзыдэнта, але калі Канстытуцыйны суд адмовіць, ініцыятараў пазбавяць мандатаў;
- замацоўваецца безумоўнае вяршэнства Канстытуцыі Казахстану над рашэньнямі міжнародных арганізацый;
- шлюб вызначаецца як добраахвотны зьвяз мужчыны і жанчыны;
- абмяжоўваецца правядзеньне акцый пратэсту, калі яны «пагражаюць грамадзкай бясьпецы і маральнасьці грамадзтва».
На некаторых участках з раніцы, мяркуючы па фота ў сацыяльных сетках, утварыліся невялікія чэргі. Рэфэрэндум будзе лічыцца адбытым, калі на ім прагаласуе больш за палову выбарцаў.
І ўжо да 14:00 яўка на рэфэрэндуме склала 51,93%, паведамілі ў ЦВК краіны, перадае Азаттык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Казахстану імкнецца да ўмацаваньня ўлады з дапамогай новай КанстытуцыіПравам удзелу ў рэфэрэндуме валодаюць каля 12,5 млн грамадзян. Галасаваньне пакуль працягваецца — участкі будуць працаваць да 20:00.
Перад рэфэрэндумам незалежныя журналісты і грамадзкія дзеячы Казахстану паведамлялі пра шчыльную супраць кампаніі Meta з уладамі Казахстану. Паводле іх, Facebook і Instagram выдалілі сотні допісаў з крытыкай прэзыдэнта Касым-Жамарта Такаева і іншых казаскіх чыноўнікаў, а таксама з аспрэчваньнем новых пунктаў прапанаванай на рэфэрэндум Канстытуцыі.
Раніцай 15 сакавіка ў галасавнаьні ўжо ўзялі ўдзел былы прэзыдэнт краіны Нурсултан Назарбаеў і сам Такаеў. Такаеў заявіў, што наступныя выбары прэзыдэнта краіны адбудуцца паводле пляну, гэта значыць у 2029 годзе. Наконт рэфэрэндуму Такаеў сказаў, што зьмены насьпелі ў сувязі з новымі грамадзка-палітычнымі рэаліямі.
Сярод тых, хто прыехаў назіраць за рэфэрэндумам у Казахстан з-за мяжы, такія арганізацыі, як Місія назіральнікаў ад СНД, Місія ў ацэнцы рэфэрэндуму БДІПЧ АБСЭ, Шанхайская арганізацыя супрацы, Арганізацыя цюркскіх дзяржаў і Парлямэнцкая асамблея АДКБ.
Місія ў ацэнцы патрэбаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцы ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) 28 лютага раскрытыкавала падрыхтоўку да рэфэрэндуму ў Казахстане. Экспэрты Бюро зьвярнулі асаблівую ўвагу на падрыхтоўку да рэфэрэндуму і кароткі час, дадзены выбарцам для атрыманьня поўнай інфармацыі і прыняцьця рашэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Казахстане масава выдаляюць допісы з крытыкай уладаў з Facebook і InstagramПапярэднія зьмяненьні ў Канстытуцыю Казахстану
Дзейная Канстытуцыя Казахстану за апошнія 30 гадоў зьмянялася сем разоў, агулам было ўнесена 1100 паправак. Апошні раз Асноўны закон зьмяняўся ў 2022 годзе пасьля рэфэрэндуму, праведзенага пасьля падзей «Крывавага студзеня».
За гісторыю незалежнага Казахстану рэспубліканскія рэфэрэндумы праводзіліся чатыры разы, на якіх уздымаліся наступныя пытаньні:
29 красавіка 1995 г. — рэфэрэндум аб падаўжэньні тэрміну паўнамоцтваў прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева да 1 сьнежня 2000 г. Паводле афіцыйных даных, 95,4% выбарцаў падтрымалі працяг кіраваньня Назарбаева;
30 жніўня 1995 г. — рэфэрэндум у пытаньні прыняцьця новай Канстытуцыі Рэспублікі Казахстан. Паводле зьвестак Цэнтральнай выбарчай камісіі, больш за 90% выбарцаў прагаласавалі за новы праект Канстытуцыі. Палітычныя аналітыкі сьцьвярджаюць, што гэты Асноўны закон, у які пазьней былі ўнесеныя шматлікія папраўкі і дапаўненьні, якія пашырылі паўнамоцтвы першага прэзыдэнта, заклаў аснову для ўстанаўленьня аўтарытарнай сыстэмы ў краіне;
5 чэрвеня 2022 г. — адбыўся рэфэрэндум па папраўках да Канстытуцыі, які прайшоў празь некалькі месяцаў пасьля студзеньскіх падзей, якія зьнізілі ўплыў Назарбаева і ягонай сям'і. Паводле яго вынікаў быў унесены артыкул аб тым, што прэзыдэнт можа абірацца на адзін 7-гадовы тэрмін, былі ўведзены абмежаваньні для сваякоў прэзыдэнта на займаньне дзяржаўных пасад, быў рэарганізаваны Канстытуцыйны суд, уведзена прапарцыйна-мажарытарная сыстэма выбараў дэпутатаў парлямэнту, дазволена самавылучэньне дэпутатаў ад аднамандатных акругаў. З Канстытуцыі былі выключаныя артыкулы, якія давалі прывілеі Нурсултану Назарбаеву. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у рэфэрэндуме прынялі ўдзел 68% выбарцаў, а больш за 77% падтрымалі папраўкі. Прэзыдэнт Такаеў і ягоная каманда абвясьцілі аб стварэньні «Новага Казахстану» і пачатку павароту да дэмакратычных зьменаў. Аднак скептыкі сьцьвярджаюць, што гэтыя канстытуцыйныя папраўкі былі ў асноўным толькі павярхоўнымі штрыхамі, якія нават не закранулі падставаў аўтарытарнага кіраваньня;
6 кастрычніка 2024 г. — У бюлетэні для галасаваньня на рэфэрэндуме ў пытаньні будаўніцтва атамнай электрастанцыі (АЭС) у Казахстане было зададзена пытаньне: «Ці згодныя вы пабудаваць атамную электрастанцыю ў Казахстане?» Паводле зьвестак Цэнтральнай камісіі ў рэфэрэндуме, прагаласавалі амаль 64% выбарцаў, прычым больш за 71% выказаліся за будаўніцтва АЭС. Пасьля рэфэрэндуму ўрад Казахстану абвясьціў аб пабудове ў краіне трох атамных электрастанцый. Першую пабудуе расейская дзяржаўная карпарацыя «Расатам», а дзьве іншыя — кітайская кампанія CNNC.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казахстан будуе «дзяржаву татальнага сачэньня». Ці будзе Кітай яе ўзорам?