Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Казахстану імкнецца да ўмацаваньня ўлады з дапамогай новай Канстытуцыі

Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў, архіўнае фота
Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў, архіўнае фота

У Казахстане 15 сакавіка адбудзецца рэфэрэндум аб новай Канстытуцыі, якая зьмяняе структуру парлямэнту, пашырае паўнамоцтвы прэзыдэнта і закранае статус расейскай мовы.

Улады называюць працу над праектам інклюзіўнай, з улікам прапановаў грамадзян. Крытыкі сьцьвярджаюць, што праект Канстытуцыі ўмацоўвае ўладу Касым-Жамарта Такаева, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Улады Казахстану абвясьцілі, што ў наступным месяцы правядуць рэфэрэндум аб новай Канстытуцыі. Гэта было ўспрынята як крок прэзыдэнта Касым-Жамарта Такаева для ўмацаваньня ягонай улады.

Новы асноўны закон таксама закранае статус расейскай мовы. Аўтары праекту спрабуюць, не правакуючы Маскву, разам з тым задаволіць патрабаваньні мацаваць ідэнтычнасьць казахаў пасьля набыцьця незалежнасьці ў 1991 годзе па шматвекавым расейскім і савецкім панаваньні.

«У сваёй істоце гэта новая Канстытуцыя, — нядаўна заявіў Такаеў.— Усякія зьмены павінны адлюстроўваць волю нашых грамадзян».

Рэфэрэндум прызначаны на 15 сакавіка. Улады імкнуліся падаць працу над новым праектам, апублікаваным 31 студзеня, як інклюзіўную. Некалькі месяцаў спэцыяльная камісія кансультавалася з экспэртамі, разгледзела больш за 10 000 прапановаў грамадзян на онлайн-плятформах, правяла публічныя слуханьні. Аднак крытыкі сьцьвярджаюць, што працэс быў пастановачным.

«Тое, што падаецца як нацыянальная дыскусія, папраўдзе спэктакль. Удзел грамадзтва сымбалічны», — сказаў дасьведчаны юрыдычны экспэрт Майдан Сулейменаў.

«Праект Канстытуцыі зручны для ўлады, ён не адлюстроўвае волю народу»

Дзяржаўны перасьлед крытыкаў праекту падмацаваў гэтыя асьцярогі. 4 лютага актывіст Эрмек Нарымбай быў асуджаны на два месяцы турмы за допіс у Facebook з крытыкай праекту. Іншых актывістаў і журналістаў выклікалі ў паліцыю, папярэджвалі, ціснулі, каб выдалілі свае допісы адпаведна дырэктыве аб «ілжывай інфармацыі».

Праект цалкам рэструктурызуе палітычную сыстэму Казахстану. Двухпалатны парлямэнт замяняецца аднапалатным заканадаўчым органам, які абіраецца праз партыйныя сьпісы, што ставіць у нявыгаднае становішча невялікія апазыцыйныя партыі.

Новая Народная рада, цалкам прызначаная прэзыдэнтам, мае права заканадаўчай ініцыятывы.

Акрамя таго, пашыраецца беспасярэдняя прэзыдэнцкая ўлада. Кіраўнік дзяржавы атрымлівае дадатковы ўплыў на прызначэньні і цяпер можа прызначаць віцэ-прэзыдэнта, інтэграванага ў структуры пераемнасьці і ўспадкаваньня выканаўчай улады.

Праект таксама дазваляе прэзыдэнту выдаваць указы, якія маюць сілу закону, калі парлямэнт распушчаны. Судовыя працэдуры фармалізаваныя, але кантроль выканаўчай улады над прызначэньнямі судзьдзяў запэўнівае, што судовая ўлада ня мае сапраўднай незалежнасьці.

Чыноўнікі настойваюць на тым, што рэформы маюць шырокую падтрымку. Заканадаўца Ельнур Бейсенбаеў заявіў: «Казахі падтрымліваюць 98 працэнтаў прапановаў».

Актывісты аспрэчваюць гэта, адзначаючы, што пры паскораным працэсе кансультаваньня не было належнага грамадзкага прадстаўніцтва і рэальнага ўдзелу.

Мова і ідэнтычнасьць

Артыкул 9 пацьвярджае статус казаскай мовы як дзяржаўнай, захоўваючы пры гэтым афіцыйнае выкарыстаньне расейскай мовы ў дзяржаўных органах. 10 лютага Канстытуцыйная камісія паправіла адно слова: ранейшы выраз, які сьцьвярджаў, што расейская мова выкарыстоўваецца «на роўных умовах» з казаскай, заменены на «поруч» з казаскай. Улады апісваюць гэта як рэдакцыйнае карэктаваньне дзеля ўзгодненасьці паміж казаскім і расейскім тэкстамі, але некаторыя камэнтатары выказалі думку, што гэта далікатнае паніжэньне меркаванага статусу расейскай мовы.

Для многіх грамадзян гэта самая спрэчная частка праекту — сымбалічнае поле бітвы за ідэнтычнасьць, сувэрэнітэт і постсавецкую спадчыну. Актывісты сьцьвярджаюць, што нават нязначныя зьмены фармуляваньняў адлюстроўваюць шырэйшыя пытаньні культурнай і палітычнай вагі казаскай мовы ў параўнаньні з расейскаю, якая застаецца шырока распаўсюджанай у гарадах, дзяржаўных установах і штодзённым жыцьці. Некаторыя актывісты лічаць, што статус казаскай мовы ўсё яшчэ недастаткова абаронены.

Палітоляг Дос Кашым і юрыст Меірман Калмаханулы заявілі, што гэтая фармулёўка падсілкоўвае ўспрыманьне роўнасьці расейскай і казаскай моваў у грамадзкім жыцьці, падрываючы намаганьні прасоўваць казаскую мову ў афіцыйнай сфэры. Актывіст Жаркын Курэнтаеў быў затрыманы перад прэс-канфэрэнцыяй на гэтую тэму, што яшчэ раз сьведчыць аб рызыцы, якую нясе грамадзкае абмеркаваньне Канстытуцыі.

Казахстанскі дэпутат Эрмурат Бапі падкрэсьліў неабходнасьць асьцярожнасьці ў пытаньні мовы.

«Для большасьці будзе больш мудра ўспрымаць сваю мову з падкрэсьленай павагай, чым ператвараць яе ў зброю для канфлікту», — сказаў ён.

Этнічныя расейцы складаюць прыкладна 15 працэнтаў насельніцтва Казахстану. Улады таксама, відаць, разумеюць, што зьмена канстытуцыйнага статусу расейскай мовы можа распаліць унутраную напружанасьць і правакаваць Маскву. Інтэнсіўнасьць дыскусіяў паказвае, наколькі мова ў Казахстане застаецца неаддзельнай ад ідэнтычнасьці, палітыкі і геапалітыкі.

XS
SM
MD
LG