Антыўрадавыя пратэстоўцы атакавалі будынак мясцовага камітэту Камуністычнай партыі ў горадзе Марон у цэнтральнай частцы Кубы. Атака была выкліканая адключэньнямі электрычнасьці і наступствамі нафтавай блякады ЗША.
Мітынг у Мароне супраць адключэньняў і недахопу прадуктаў харчаваньня пачаўся мірна яшчэ 13 сакавіка, паведаміла газэта Invasor, на якую спасылаецца агенцтва Reuters.
Відэа ў сацыяльных сетках паказвалі вялікі пажар і людзей, якія кідалі камяні ў вокны будынку і крычалі «свабода».
Горад Марон месьціцца на паўночным узьбярэжжы Кубы прыкладна за 400 км на ўсход ад сталіцы Гаваны, недалёка ад турыстычнага курорту Каё-Кока.
Пратэст выклікаў рэакцыю прэзыдэнта Кубы Мігеля Дыяса-Канэля, які заявіў у сацыяльных сетках, што гнеў з нагоды працяглых адключэньняў электраэнэргіі зразумелы, але папярэдзіў аб небясьпецы гвалту.
«Вандалізм і гвалт не застануцца беспакаранымі», — сказаў ён.
Злучаныя Штаты зацягнулі гайкі ў дачыненьні Кубы пасьля таго, як у студзені захапілі прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура — найважнейшага замежнага дабрадзея Кубы. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп спыніў пастаўкі вэнэсуэльскай нафты на Кубу і пагражаў увесьці тарыфы на любую краіну, якая прадае нафту Кубе. Гэта ўзмацніла ціск на эканоміку вострава, які ўжо зазнае недахопу прадуктаў харчаваньня, паліва, электрычнасьці і лекаў.
У апошнія тыдні Трамп зрабіў шэраг заяў, у якіх сьцьвярджаў, што Куба знаходзіцца на мяжы краху або імкнецца заключыць зьдзелку са Злучанымі Штатамі. Урад Кубы заявіў 13 сакавіка, што пачаў перамовы з Вашынгтонам, каб паспрабаваць спыніць крызіс.
Таксама на Кубе сказалі, што пачынаюць вызваляць палітычных зьняволеных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Куба пачынае вызваляць вязьняў і ўступае ў перамовы з ЗШАПублічныя пратэсты, асабліва гвалтоўныя, надзвычай рэдкія на Кубе. Канстытуцыя 2019 году дае грамадзянам права на дэманстрацыі, але закон, які больш канкрэтна вызначае гэтае права, завіс у заканадаўчым органе, што пакідае тых, хто выходзіць на вуліцы, у юрыдычнай нявызначанасьці.
За апошні тыдзень некалькі невялікіх груп жыхароў па ўсёй Гаване стукалі ў рондлі на знак пратэсту супраць працяглых адключэньняў электраэнэргіі.
У панядзелак студэнты правялі сядзячую забастоўку на прыступках Гаванскага ўнівэрсытэту пасьля таго, як урад прыпыніў вочныя заняткі, абвінаваціўшы ў гэтым нафтавую блякаду ЗША. Дэфіцыт паліва значна скараціў рэйсы грамадзкага транспарту, што вельмі ўскладніла сустрэчы выкладчыкаў і студэнтаў на занятках.
Марон ужо быў месцам значных пратэстаў у час антыўрадавых закалотаў 11 ліпеня 2021 году — найбуйнейшых з часоў рэвалюцыі Фідэля Кастра 1959 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь – Куба: сяброўства засталося, а грошай няма