«Пабег глядзець, як круціцца лічыльнік праслухоўваньняў», Максім Знак апублікаваў свае музычныя запісы на стрымінгах

Максім Знак. Сьнежань 2025 году.

Былы палітвязень і юрыст Максім Знак паведаміў, што яго музычныя запісы зьявіліся на асноўных музычных стрымінгавых плятформах. Пра гэта ён напісаў у сацыяльных сетках, адзначыўшы, што слухачы даўно пыталіся, чаму яго музыкі няма на папулярных пляцоўках.

Паводле Знака, раней яго творы можна было слухаць толькі на SoundCloud, дзе ён публікаваўся пад псэўданімам Max Bai. Цяпер жа песьні разьмешчаныя прыкладна на 25 плятформах. Музыку можна знайсьці, увёўшы ў пошуку «Maksim Znak» на такіх сэрвісах, як Spotify, Apple Music і YouTube Music.

Пакуль на стрымінгах даступныя кампазыцыі, запісаныя ў студыі да 2020 года. Апошнія пяць гадоў, адзначыў аўтар, студыйных запісаў не было(Максім Знак быў за кратамі — РС), але ён плянуе зьмяніць гэта ў будучыні.

Асобна Знак раіць слухачам зьвярнуць увагу на альбом «Ветразь», у стварэньні якога ўдзельнічалі прафэсійныя музыкі. У працы над аранжыроўкамі значную ролю адыграла мультыінструмеэталістка і вакальная пэдагог Una Perasetskaya.

Музыка зьявілася на анлайн-сэрвісах дзякуючы намаганьням сына аўтара — Алеся Знака, які дапамог з публікацыяй і прасоўваньнем кантэнту. Паводле музыкі, у плянах — новыя запісы: «вельмі шмат ужо напісана песень, але пакуль яны не запісваюцца». Першы новы трэк, які можа зьявіцца пазьней, мае назву «Маякі», паведаміў Максім Знак.

Знак таксама пажартаваў, што цяпер будзе сачыць за лічыльнікам праслухоўваньняў і цікавіцца, ці здолее хаця б адна песьня пераадолець адзнаку ў тысячу праслухоўваньняў за дзень.

  • Максім Знак — беларускі юрыст, грамадзкі дзеяч, музыка і былы палітычны вязень. У 2020 годзе стаў адным з ключавых прадстаўнікоў штаба Віктара Бабарыкі падчас прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі. Пасьля затрыманьня Бабарыкі ўвайшоў у склад прэзідыумаў Каардынацыйнай рада — органа, створанага тады для перамоваў аб мірнай перадачы ўлады пасьля выбараў. Быў затрыманы ў верасьні 2020 году. У 2021 годзе яго асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньняў у змове з мэтай захопу ўлады" і «закліках да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі». Быў вызвалены ў сьнежні 2025 году дзякуючы намаганьням ЗША.