Прэзыдэнт ЗША заявіў, што Злучаным Штатам не патрэбная дапамога Ўкраіны ў абароне ад бесьпілётнікаў.
Размова ішла пра прапанаваную Кіевам дапамогу ў межах апэрацыі супраць Ірану. Дональд Трамп сказаў пра гэта ў інтэрвію Fox News, якое выйшла ў этэр 13 сакавіка.
«Не, нам не патрэбная іхная дапамога ў абароне ад бесьпілётнікаў. Мы ведаем пра бесьпілётнікі больш як хто-небудзь. Насамрэч, у нас найлепшыя бесьпілётнікі ў сьвеце», — сказаў Трамп.
9 сакавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зеленскі заявіў, што пасьля пачатку апэрацыі ЗША і Ізраілю супраць Ірана ягоная краіна атрымала 11 запытаў на пастаўку бесьпілётнікаў, здольных адбіваць атакі іншых бесьпілётнікаў. Паводле яго слоў, такія запыты былі зроблены краінамі, якія зьяўляюцца рэгіянальнымі суседзямі Ірана, а таксама эўрапейскімі дзяржавамі і Злучанымі Штатамі.
4 сакавіка Зяленскі абвясьціў, што Ўкраіна дапаможа краінам Блізкага Ўсходу абараняцца ад іранскіх нападаў, украінскія экспэрты будуць працаваць на месцах, і ізная праца ўжо ўзгадняецца.
Газэта Financial Times таксама паведамляла, што ЗША і «адна з краінаў Пэрсыдзкай затокі» зацікаўленыя ў куплі ўкраінскіх бесьпілётнікаў-перахопнікаў для зьбіваньня іранскіх «шахедаў». Тым часам Зеленскі прапанаваў краінам Блізкага Ўсходу «ціхі абмен» і дапамогу: узамен ён хоча атрымаць ракеты для сыстэмаў СПА.