Сьцісла
- Працэс гвалтоўнага выгнаньня палітвязьняў зь Беларусі моцна паспрыяў рашэньню Міжнароднага крымінальнага суду.
- Пачатак расьсьледаваньня зьніжае шанцы на нармалізацыю дачыненьняў Беларусі з дэмакратычнымі дзяржавамі.
- Для краін Поўдня расьсьледаваньне МКС таксама можа стаць пэўным абмежаваньнем кантактаў з Лукашэнкам.
- Зьніжэньне ролі і аўтарытэту міжнародных інстытутаў дае рэжыму Лукашэнкі дадатковыя шанцы выкруціцца зь непрыемнай сытуацыі.
Менск дапамог МКС прыняць рашэньне
Міжнароднае правасудзьдзе цягнецца доўга. Прайшло паўтара году, як Літва падала пазоў у Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе. Літоўскія ўлады прасілі расьсьледаваць меркаваныя злачынствы супраць чалавечнасьці, зьдзейсьненыя ў Рэспубліцы Беларусь. Беларусь — ня ўдзельніца Міжнароднага крымінальнага суду, але Літва, дзяржава — удзельніца МКС, заявіла, што частка меркаваных злачынстваў учыненая на яе тэрыторыі.
Невядома, чым бы скончылася гэтая гісторыя, але за гэтыя паўтара году зьявілася шмат новых фактаў і аргумэнтаў наконт датычнасьці ўладаў Беларусі да парушэньняў правоў чалавека. І, можа, галоўны чыньнік, які пераканаў МКС пачаць расьсьледаваньне справы супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, — гэта гвалтоўнае выгнаньне палітвязьняў — грамадзян Беларусі за мяжу.
У дакумэнце Ўправы пракуратуры Міжнароднага крымінальнага суду акцэнт якраз робіцца на «прымусовыя дзеяньні, якія прывялі да дэпартацыі». Прычым гэты працэс паскараецца. З кожным новым візытам спэцыяльнага прадстаўніка ЗША Джона Коўла ў Менск колькасьць вывезеных з Беларусі палітзьняволеных расьце. Так што ўлады Беларусі даюць МКС добрую пажыву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка дэпартуе вызваленых палітвязьняў? Аналіз Юрыя ДракахрустаМКС павялічвае таксычнасьць рэжыму Лукашэнкі
Якіх палітычных наступстваў варта чакаць ад рашэньня МКС пачаць расьсьледаваньне справы супраць рэжыму Лукашэнкі? Можна зь вялікай імавернасьцю прагназаваць, што калі працэс запушчаны, то вынікам яго будзе ордэр на арышт беларускіх чыноўнікаў, вінаватых у правапарушэньнях. Гэта можа тычыцца і самога Лукашэнкі. Нагадаю, што такі ордэр выдадзены на Ўладзіміра Пуціна.
Безумоўна, сытуацыя непрыемная для Лукашэнкі. Бо павялічвае ягоную міжнародную таксычнасьць. Прычым у момант, калі, здавалася б, на даляглядзе зьявілася сьвятло ў канцы тунэлю, падвысіліся шанцы выйсьці зь міжнароднай ізаляцыі.
Перамовы з ЗША, пэрспэктывы «вялікай угоды» з Вашынгтонам давалі надзею на зьмену статусу Лукашэнкі, на прызнаньне яго Захадам у якасьці кіраўніка Беларусі. І далучэньне да Рады міру, створанай Дональдам Трампам, давала новыя магчымасьці для рэалізацыі вялікіх плянаў размарозіць адносіны з заходнімі краінамі.
16 лютага Лукашэнка апавядаў пра свае намеры: «Мы абавязкова на ўзроўні прэзыдэнта будзем удзельнічаць у гэтай Радзе, абавязкова будзем удзельнічаць. Можа, не ў Вашынгтоне. Дзесьці ў Эўропе або на Блізкім Усходзе, можа быць, у Ізраілі, бліжэй тут, у Турэччыне адбудуцца далейшыя пасяджэньні гэтай Рады. Мы будзем удзельнічаць у ім».
Цяпер жа гэтае рашэньне МКС рэзка зьніжае шанцы нармалізацыі дачыненьняў з дэмакратычнымі дзяржавамі. Становіцца складаней працягваць руку чалавеку, вышук якога за злачынствы супраць чалавечнасьці могуць афіцыйна абвясьціць хоць заўтра.
Але гаворка ня толькі пра Захад. І для краін Поўдня гэтае рашэньне можа стаць пэўным абмежаваньнем кантактаў з Лукашэнкам і іншымі прадстаўнікамі ягонага рэжыму. Некаторыя лідэры гэтага рэгіёну могуць палічыць, што дзеля ўсяго дзеля лепш не рызыкаваць рэпутацыяй.
Дарэчы, Пуцін пасьля зьяўленьня ордэру МКС на ягоны арышт абмежаваў замежныя візыты, адмовіўся ад шэрагу паездак у іншыя краіны. Хоць, здавалася б, хто пасьмее замахнуцца на прэзыдэнта ядзернай дзяржавы, арыштаваць яго. І тым ня менш. Для Лукашэнкі ж, міжнародны статус якога непараўнальны з пазыцыяй кіраўніка Расеі, сытуацыя больш рызыкоўная. Асабліва з улікам таго, што ён ставіцца да пытаньняў сваёй бясьпекі вельмі пільна, мала каму давярае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны крымінальны суд пачаў расьсьледаваньне справы супраць рэжыму Лукашэнкі пасьля пазову ЛітвыДэвальвацыя міжнародных інстытутаў і права
Аднак ёсьць чыньнікі, якія працуюць на карысьць Лукашэнкі. Адна з галоўных тэндэнцыяў у міжнародных адносінах сёньня — дэвальвацыя міжнародных інстытутаў: ААН, Усясьветнай гандлёвай арганізацыі, Міжнароднай арганізацыі працы і інш. Іх глябальная роля зьніжаецца, аўтарытэт падае.
Гэта тычыцца і МКС. Варта нагадаць, што Злучаныя Штаты ня ёсьць дзяржавай — удзельніцай МКС. Больш за тое, ЗША ўвялі санкцыі супраць Міжнароднага крымінальнага суду за перасьлед амэрыканскіх грамадзян і сваіх хаўрусьнікаў, такіх як Ізраіль.
І міжнароднае права як такое разбураецца. Пра гэта сьведчаць напад Расеі на Ўкраіну, дзеяньні ЗША супраць Вэнэсуэлы, Ірану, іншыя падзеі.
У такім кантэксьце палітычныя наступствы цяперашняга рашэньня МКС таксама ў пэўным сэнсе дэвальвуюцца.