Управа пракуратуры Міжнароднага крымінальнага суду завяршыла папярэднія расьсьледаваньні ў справах, названых «Сытуацыя ў Вэнэсуэле II» і «Сытуацыя ў Літве/Беларусі», абедзьве былі накіраваныя дзяржавамі-ўдзельніцамі Рымскага статуту.
«Пасьля дбайнай фактычнай і прававой ацэнкі пракуратура прыняла асобныя рашэньні ў гэтых дзьвюх сытуацыях адносна таго, ці ёсьць разумныя падставы меркаваць, што злачынствы, якія падпадаюць пад юрысдыкцыю Суду, былі або зьдзяйсьняюцца — прававы стандарт, неабходны для пачатку расьсьледаваньня», — піша Міжнародны крымінальны суд.
Пракуроры разгледзелі ўсе матэрыялы і меркаваньні, перададзеныя яму ў час кожнага папярэдняга расьсьледаваньня.
У справе аб становішчы ў Літве/Беларусі Управа пачала расьсьледаваньне, бо прыйшла да высновы, што ёсьць разумныя падставы меркаваць, што злачынствы паводле Рымскага статуту былі зьдзейсьненыя прынамсі часткова на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі.
З 30 верасьня 2024 году Ўправа праводзіць папярэдняе расьсьледаваньне пасьля пазову Літвы. Літва прасіла расьсьледаваць меркаваныя злачынствы супраць чалавечнасьці, зьдзейсьненыя ў Рэспубліцы Беларусь, якая не зьяўляецца дзяржавай-удзельніцай МКС, заявіўшы, што частка элемэнтаў меркаваных злачынстваў зьдзейсьненая на тэрыторыі Літвы, дзяржавы-ўдзельніцы.
«Ёсьць разумныя падставы меркаваць, што прымусовыя дзеяньні, якія прывялі да дэпартацыі, несьлі дакладны курс паводзінаў у дачыненьні рэальных або меркаваных апанэнтаў ураду Беларусі ў адпаведнасьці зь дзяржаўнай палітыкай або ў мэтах яе прасоўваньня. Управа прыйшла да высновы, што меркаваныя злачынствы, зьдзейсьненыя ўладамі, былі заахвочаныя або ўхваленыя на самым высокім узроўні».
Суд таксама піша, што існуюць разумныя падставы меркаваць, што гэтыя злачынствы зьдзейсьненыя ў межах шырокамаштабнага і сыстэматычнага нападу на цывільнае насельніцтва, улічваючы іх маштаб, колькасьць ахвяр і арганізаваны характар дзеяньняў.
«Сфэра расьсьледаваньня ахоплівае трансгранічныя злачынствы — любыя мінулыя і цяперашнія абвінавачваньні ў злачынствах з 1 траўня 2020 году ў Беларусі, дзе хаця б адзін элемэнт злачынства быў зьдзейсьнены на тэрыторыі Літвы, у адпаведнасьці з парамэтрамі накіраваньня і межамі юрысдыкцыі».
Новае расьсьледаваньне ўключае злачынствы супраць чалавечнасьці, такія як дэпартацыя і перасьлед шляхам дэпартацыі любой вызначанай групы або калектыву з палітычных матываў, нібыта зьдзейсьненыя ўладамі Беларусі.
На этапе расьсьледаваньня Управа пракурора зьбірае і аналізуе доказы, устанаўлівае асоб, якія нясуць найбольшую адказнасьць за меркаваныя злачынствы, фактычна фармуючы справы ў дачыненьні да канкрэтных асобаў, і ацэньвае, ці дасягнуты прававы парог для абыходжаньня з хадайніцтвам да Палаты папярэдняга вядзеньня аб выдачы ордэраў на арышт або павестак аб яўцы ў суд.
У Народным антыкрызісным упраўленьні выказалі ўдзячнасьць Ураду Літвы, які перадаў інфармацыю з данымі злачынствамі на разгляд пракурораў Міжнароднага крымінальнага суду, і дзякуючы якому цяперашняе рашэньне стала магчымым.
У 2023 годзе Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне зьвярнулася з просьбай да Міністэрства юстыцыі Літвы аб рэалізацыі працэдуры паводле артыкулу 14 Рымскага Статуту. Роўна праз год, у верасьні 2024 году, Урад Літвы перадаў зьвесткі ў Міжнародн крымінальны суд.
У НАУ спадзяюцца, што іншыя эўрапейскія краіны пасьледуюць прыкладу Літвы і таксама сфармуюць зьвесткі ад беларусаў, каб даслаць у Міжнародны крымінальны суд.
Форум