Незалежныя беларускія выдавецтвы ўпершыню ўдзельнічаюць ў Познаньскім кніжным кірмашы

Беларускія кнігі на кірмашы. Архіўнае фота

13 сакавіка адкрыўся Познаньскі кніжны кірмаш, які ўжо шмат гадоў прыцягвае аматараў літаратуры з усяго заходняга рэгіёну Польшчы.

Як піша Польскае радыё, упершыню ў ім бяруць удзел беларускія выдавецтвы, якія працуюць за межамі Беларусі.

Праграма кірмашу ўключае амаль 900 імпрэз, заплянаваных на тры дні. Большасьць зь іх — сустрэчы з аўтарамі і аўтограф-сэсіі, але будуць таксама дэбаты, панэлі і спэцыяльныя падзеі.

Беларускія выдавецтвы прадстаўляюць: Arche, Gutenberg Publisher, Kamunikat.org, «Кніжны вырай», «Мяне Няма», «Полацкія лабірынты», RozUM Media, SayBeat, Skaryna Press.

На кірмашы будзе прадстаўлена больш за 600 аўтараў, у тым ліку некаторыя з найважнейшых імёнаў польскай літаратурнай сцэны. У праграме — сустрэчы зь беларускімі аўтарамі: Уладзімерам Арловым, Андрэем Хадановічам, Дар’яй Рак і іншымі.

У мінулым годзе кірмаш прыцягнуў амаль 70 000 наведвальнікаў, і арганізатары спадзяюцца на падобную колькасьць і сёлета.

Познаньскі кніжны кірмаш будзе працаваць з пятніцы па нядзелю, 13–15 сакавіка.

Перасьлед выдаўцоў у Беларусі

Праваабаронцы заявілі пра ўзмацненьне рэпрэсій у Беларусі ў сфэры культуры. 3 сакавіка Камітэт дзяржаўнай бясьпекі прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» «кааліцыю друкаваных выдавецтваў» «Фонд Kamunikat.оrg», «Lohvinau Publishing House», «Andrei Yanushkevich Publishing». Вядома пра гэта стала 9 сакавіка. Некаторыя асобы, каго КДБ прызнаў датычным да «фармаваньня», утрымліваюцца за кратамі.

Паводле ведамства, датычнымі да «кааліцыі» зьяўляюцца Яраслаў Іванюк, Дзьмітрый Колас, Ігар Логвінаў, Вацлаў Багдановіч, Андрэй Янушкевіч, Аляксандр Яўдаха.

Напрыканцы лютага ў Менску прайшлі масавыя затрыманьні выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў. Паводле інфармацыі «Вясны», агулам было затрымана як мінімум 10 чалавек — частку з іх адправілі на «суткі». Алеся Яўдаху, Вацлава Багдановіча і Зьмітра Коласа, якія да гэтага часу ўтрымліваюцца за кратамі, КДБ прызнаў датычнымі да фармальна не існуючай «кааліцыі выдавецтваў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» беларускія выдавецтвы і распаўсюднікаў кніг. Частка зь іх цяпер за кратамі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады абвінавацілі выдаўцоў кніг у стварэньні «кааліцыі». Даведаліся, ці яна існуе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У перасьледзе беларускіх выдаўцоў відаць сталінскія схемы, — Лукашук