У Міжнародны крымінальны суд падалі пазоў на нямецкага дэпутата, зьвязанага зь Беларусьсю цыбульным бізнэсам

Ёрг Дорнаў, архіўнае фота

У звароце ў МКС юрысты спасылаюцца на справаздачы праваабаронцаў, якія ўказваюць на магчымае ўчыненьне злачынстваў супраць чалавечнасьці ў Беларусі, такіх як прымусовая праца, перасьлед і пазбаўленьне волі па палітычных матывах.

У Міжнародны крымінальны суд падалі зварот на нямецкага дэпутата Ёрга Дорнаў, зьвязанага з Беларусьсю цыбульным бізнэсам.

Deutsche Welle паведамляе, што падставай для звароту нямецкіх адвакатаў у Міжнародны крымінальны суд (МКС) стаў скандал з дэпутатам парлямэнта Саксоніі ад партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёргам Дорнаў.

Адвакаты Ян Вінтэрхальтэр і Фэрдынанд Морс падрыхтавалі і накіравалі ў Міжнародны крымінальны суд зварот аб меркаваных злачынствах супраць чалавечнасьці, якія ўчыняецца ў Беларусі, піша DW.

Падставай для звароту стала дзейнасьць кампаніі «Цыбулька-Бел», якая працуе ў Лідзкім раёне Горадзенскай вобласьці.

У пазове юрысты прыводзяць інфармацыю, што ў Беларусі, паводле іх ацэнкі, учыняюцца злачынствы супраць чалавечнасьці. Адным з такіх прыкладаў яны называюць выкарыстаньне працы палітычных зьняволеных у кампаніі «Цыбулька-Бел», зь якой зьвязаны дэпутат.

Такімі дзеяньнямі яны называюць выкарыстаньне прымусовай працы, пазбаўленьне волі беларусаў па палітычных матывах, магчымае прымяненьне да іх катаваньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны крымінальны суд пачаў расьсьледаваньне справы супраць рэжыму Лукашэнкі пасьля пазову Літвы

Восеньню 2024 года стала вядома, што «Цыбулька-Бел» заключыла дамову з цэнтрам ізаляцыі правапарушальнікаў Ліды. У рамках гэтай дамовы ЦІП накіроўваў арыштаваных, у тым ліку па палітычных матывах, для сэзонных сельскагаспадарчых працаў у кампанію дэпутата, які на той момант быў яе дырэктарам.

Пасьля гэтай публікацыі адвакат Фердынанд Морс падаў заяву ў пракуратуру Ляйпцыга аб узбуджэньні крымінальнай справы супраць Дорнаў. Пракуратура ў завядзеньні справы тады адмовіла: нямецкія праваахоўнікі не знайшлі падставаў падазраваць Ёрга Дорнаў ва ўчыненьні злачынстваў, за якія ён можа быць прыцягнуты да адказнасьці ў Нямеччыне.

Пасьля працэдуры абскарджаньня адвакаты прынялі рашэньне падаць зварот у Міжнародны крымінальны суд.

«Абгрунтаваньне пракуратуры здалося нам недастатковым. Наколькі мы зразумелі, пракуратура Ляйпцыга паглядзела відэазапіс (аб беларускім бізнэсе Ёрга Дорнаў), атрыманую ад MDR (грамадзкай тэлерадыёкампаніі Саксоніі) і заявіла, што інфармацыі недастаткова. Але сродкі масавай інфармацыі і патрэбны, каб заявіць аб першых падазрэньнях, знайсьці сьведкаў — гэта задача пракуратуры», — заявіў Вінтэрхальтэр DW.

У сваім звароце ў МКС адвакаты спасылаюцца на справаздачы праваабаронцаў і паведамленьні СМІ, якія ўказваюць на магчымае ўчыненьне злачынстваў супраць чалавечнасьці ў Беларусі, такіх як прымусовая праца, перасьлед і пазбаўленьне волі па палітычных матывах, катаваньні ў месцах зьняволеньня.

Юрысты просяць суд разгледзець зварот і правесьці расьсьледаваньне як супраць грамадзяніна Нямеччыны Ёрга Дорнаў, так і супраць неўстаноўленых прадстаўнікоў беларускіх уладаў.

Дэпутат ад партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёрг Дорнаў раней абвінавачваўся ў тым, што выкарыстоўваў працу беларускіх палітвязьняў на сваёй цыбульнай фэрме «Цыбулька-Бел» у Беларусі. Зьняволены, які працаваў на фэрме Дорнаў прызнаваў, што праца не была прымусовай, апісаў умовы ў папраўчай установе як катаваньні і заявіў, што палічыў за лепшае працаваць на фэрме, бо ўмовы там былі лепшыя, чым у турме.

Нямецкая пракуратура праводзіла праверку па гэтым факце, але там прыйшлі да высновы, што праца не была прымусовай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ФРГ прызналі праваэкстрэмісцкай партыю «Альтэрнатыва для Нямеччыны». Яе дэпутаты маюць сувязі зь Беларусьсю
  • 24 верасьня 2024 году сайт reform.news апублікаваў матэрыял, у якім сьцьвярджалася, што ўладальнік ТАА «Цыбулька-Бел» Дорнаў заключыў пагадненьне зь лідзкім Цэнтрам ізаляцыі правапарушальнікаў і рэгулярна прыцягваў асуджаных паводле палітычных артыкулаў да працы на сваёй цыбульнай плянтацыі. Адзначалася, што ім плацілі «каля 5 эўра» ў эквіваленце ў дзень, пры гэтым нямецкі палітык нібыта «асабіста правяраў працу палітвязьняў».
  • Факт выкарыстаньня іх працы пазьней пацьвердзіў нямецкім тэлежурналістам былы палітвязень Сяргей Чарняк, зь якім яны сустрэліся ў Польшчы.
  • «Цыбулька-Бел» зарэгістраваная ў Адзіным дзяржаўным рэгістры 2 кастрычніка 2020 году ў аграгарадку Гуды (Горадзенская вобласьць). Упершыню пра беларускі бізнэс Дорнаў паведаміла нямецкая газэта Welt am Sonntag, расьсьледаваньне якой разьмясьціў у сябе папулярны таблёід Bild. Адзначалася, што за ўтойваньне факту валоданьня «буйным сельскагаспадарчым прадпрыемствам» дэпутату пагражала адказнасьць. Яго аштрафавалі на 20 682 эўра.
  • 25 верасьня 2024 нямецкі юрыст Фэрдынанд Мюлер ініцыяваў расьсьледаваньне супраць Дорнаў, падаўшы заяву аб завядзеньні крымінальнай справы ў сувязі з гэтым інцыдэнтам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прарасейская фракцыя ў Бундэстагу запатрабавала тлумачэньняў наконт фэдэральнай падтрымкі дэмакратычных сілаў БеларусіУ ФРГ прызналі праваэкстрэмісцкай партыю «Альтэрнатыва для Нямеччыны». Яе дэпутаты маюць сувязі зь БеларусьсюДэпутат ад нямецкай прапуцінскай партыі прыехаў у Беларусь на запрашэньне ГайдукевічаУ новы пакет санкцый ЭЗ уключылі кампанію нямецкага дэпутата Дорнаў, якога падазраюць у выкарыстаньні працы палітвязьняўПракуратура Нямеччыны адмовілася завесьці справу супраць нямецкага палітыка, які выкарыстоўваў працу беларускіх палітвязьняўСупраць нямецкага дэпутата, які выкарыстоўваў працу беларускіх палітвязьняў, на радзіме завялі справу«Колькі ён зарабляў з прадпрыемства, дагэтуль невядома», — нямецкія дэпутаты пра бізнэс Ёрга Дорнаў у Беларусі