Муджтаба Хамэнэі заявіў, што Армуская пратока, церазь якую праходзіць пятая частка сусьветнага аб’ёму нафты, застанецца закрытай і служыць «інструмэнтам ціску».
Калі канфлікт ня будзе спынены, ён прыгразіў адкрыцьцём новых франтоў «дзе вораг мае мала досьведу і будзе вельмі ўразьлівым».
Муджтаба Хамэнэі паабяцаў адпомсьціць за гібель Алі Хамэнэі і іншых забітых.
«Адплата, пра якую мы кажам, не абмяжоўваецца толькі пакутніцтвам вялікага лідэра рэвалюцыі. Забойства ворагамі кожнага чальца нацыі ідзе асобным пунктам у сьпісе адплаты», — гаворыцца ў звароце.
Таксама Муджтаба Хамэнэі заявіў пра намер спагнаць рэпарацыі:
«Мы выцісьнем рэпарацыі з ворага, а калі яны адмовяцца, мы сканфіскуем іхныя актывы ў тым аб’ёме, які палічым адпаведным, — а калі і гэта будзе немагчыма, мы зьнішчым эквівалентную колькасьць іхнай маёмасьці».
Хамэнэі адзначыў, што ўсе базы ЗША ў рэгіёне павінны быць неадкладна закрытыя, інакш будуць атакаваныя.
Пры гэтым ён заявіў пра сяброўства з суседнімі краінамі, падкрэсьліўшы, што іранскія вайскоўцы б’юць толькі па амэрыканскіх базах.
Муджтаба Хамэнэі не зьяўляўся на публіцы ад пачатку цяперашняй хвалі канфлікту 28 лютага, у тым ліку пасьля прызначэньня на пасаду вярхоўнага лідэра краіны 9 сакавіка. Раней СМІ пісалі, што ён мог атрымаць раненьні падчас амэрыкана-ізраільскіх удараў, у выніку якіх загінуў яго бацька — аятала Алі Хамэнэі. Паводле CNN, у Муджтабы Хамэнэі пералом ступні і іншыя нязначныя траўмы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: найвышэйшы кіраўнік Ірану атрымаў раненьні, але працягвае працавацьВайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.
8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.