11 сакавіка ўрад Аляксандру Мунцяну прагаласаваў за дэнансацыю трох асноўных пагадненьняў Садружнасьці Незалежных Дзяржаў (СНД), што набліжае поўны выхад Рэспублікі Малдова з СНД, які пачаўся ў 2022 годзе пасьля маштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Рашэньне яшчэ павінен падтрымаць парлямэнт.
Выступаючы на пасяджэньні ўраду, прэм’ер-міністар Аляксандру Мунцяну заявіў, што выхад Малдовы з СНД «даўно чакаўся грамадзтвам», бо краіна даўно хоча ўвайсьці ў Эўразьвяз.
Мунцяну заявіў, што Расея парушыла «ўсе нормы» асноўных пагадненьняў СНД, таму «з этычнага пункту гледжаньня (…) мы маем поўнае права і абавязак перад грамадзтвам спыніць, дэнансаваць гэтыя пагадненьні».
Дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных спраў Сэржыю Міхаў растлумачыў, што дэнансуюцца Пагадненьне аб статусе СНД, падпісанае ў Менску 22 студзеня 1993 году, Пагадненьне аб стварэньні СНД ад 8 сьнежня 1991 году, таксама падпісанае ў Менску, і Дадатак да яго ад 22 сьнежня 1991 году.
Міхаў лічыць, што дэнансацыя «ня будзе мець адмоўных наступстваў для бізнэс-асяродзьдзя і не паўплывае на эканоміку Рэспублікі Малдова». Рэспубліка будзе працягваць заставацца ўдзельніцай некалькіх дамоваў СНД, галоўным чынам у гандлёва-эканамічнай і сацыяльнай сфэрах, «пакуль гэтыя дамовы прыносяць канкрэтныя выгады грамадзянам і адпавядаюць нацыянальным інтарэсам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малдова пачала працэс выхаду з СНДМалдова за апошнія гады выйшла зь дзясяткаў іншых пагадненьняў СНД, а з 2022 году яна фактычна ня ўдзельнічала ні ў адным пасяджэньні гэтай арганізацыі, якая кантралюецца Расеяй.
«Гэта быў атавізм, які мы занадта доўга захоўвалі, і, безумоўна, мы задакумэнтавалі і разгледзелі юрыдычны бок, і цяпер мы гатовыя», — сказаў Мунцяну на пасяджэньні ўраду 11 сакавіка.
Працэс дэнансацыі асноўных пагадненьняў СНД цяпер пераходзіць у парлямэнт, дзе дэпутаты павінны прыняць рашэньне галасаваньнем. Старшыня парлямэнту Ігар Гросу заявіў 5 сакавіка, што парлямэнцкая большасьць ПАС зьбіраецца вынесьці на галасаваньне пытаньне аб дэнансацыі трох пагадненьняў у красавіку, у час велікодных сьвятаў, каб «мы маглі адзначыць дзьве падзеі адначасова».
Прарасейская сацыялістычная і камуністычная апазыцыя заяўляе, што Малдова «стрэліць сабе ў нагу», калі выйдзе з СНД. Левыя ў Малдове традыцыйна знаходзяцца на прарасейскіх пазыцыях і выступаюць супраць далучэньня да Эўразьвязу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Румыніі назвалі імя афіцэра КДБ Беларусі, зь якім канктактаваў завэрбаваны экс-намесьнік дырэктара малдоўскай спэцслужбы