Хроніка перасьледу 11 сакавіка: завочны прысуд за камэнтары ў інтэрнэце — 6 гадоў калёніі

Берасьцейскі абласны суд

Свабода працягвае весьці хроніку палітычнага перасьледу ў Беларусі, карыстаючыся ўласнымі крыніцамі, а таксама публікацыямі праваабарончых ініцыятыў і іншых СМІ.

У Берасьцейскім абласным судзе 10 сакавіка вынесьлі чарговы завочны прысуд паводле палітычных матываў. 40-гадовага Дзьмітрыя Баніту асудзілі за камэнтары, якія кваліфікавалі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, піша Вясна.

Мужчыну прызналі вінаватым у:

  • «распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці» (ч.1 арт. 130 КК);
  • «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК);
  • «паклёпе» (арт. 188 КК);
  • «пагрозе гвалту ў дачыненьні супрацоўніка» (арт. 364 КК);
  • «распаўсюдзе інфармацыі аб прыватным жыцьці ды пэрсанальных даных» (арт. 203-1 КК).

У выніку Дзьмітрыю завочна прызначылі 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 1000 базавых велічынь (45 000 рублёў). Акрамя гэтага, яго пазбавілі вайсковага званьня «малодшы сяржант запасу».

Спэцыяльнае вядзеньне ў дачыненьні Дзьмітрыя Баніты распачалі ў кастрычніку 2025 году. Завочны працэс у справе ў Берасьцейскім абласным судзе пачаўся 16 лютага 2026 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 4 сакавіка: завочны вырак за допісы аб пракурору ў сацыяльных сетках

Улады Беларусі ўнесьлі ў «экстрэмісцкі» сьпіс міжнародную праваабарончую арганізацыю

Гаворка пра Міжнароднае таварыства правоў чалавека, заснаванае ў Нямеччыне ў 1972 годзе. Гэтая арганізацыя мае статус удзельніка пры Радзе Эўропы.

Старонкі арганізацыі ў Instagram, X i Facebook 10 сакавіка прызнаў «экстрэмісцкімі» суд Горацкага раёну, піша «Вясна».

«Экстрэмісцкі» сьпіс таксама папоўнілі

  • byaroza_info (TikTok)
  • gomelnovosti33 (TikTok)
  • Marginez | Маргiнэз (Telegram).

КДБ унёс у сьпіс «тэрарыстаў» 19-гадовага беларуса

Гэта Ўладзіслаў Варонін, якога асудзілі паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Раней МУС і КДБ сьцьвярджалі, што Ўладзіслаў мае дачыненьне да «экстрэмісцкіх фармаваньняў» «Перт» і «ДУХ РУСИ».

Цяпер у «тэрарыстычным сьпісе» 1425 чалавек, зь іх 680 — беларусы, паведаміла «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 20 лютага: завочна судзяць былога кіраўніка цэнтру рыхтаваньня ў фрыстайле