Расея хоча выкарыстоўваць войскі для абароны арыштаваных за мяжой расейскіх грамадзян

Дом ураду Расеі. Ілюстрацыйнае фота

Камісія ўраду Расеі па заканапраектнай дзейнасьці ўхваліла ўнясеньне на разгляд Дзяржаўнай думы праекту закону, што прадугледжвае выкарыстаньне вайскоўцаў для абароны расейскіх грамадзян, арыштаваных за мяжой.

Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода з спасылкай на расейскія агенцтвы «Інтэрфакс» і РБК, законапраект падрыхтавала Міністэрства абароны.

У выніку яго ўхваленьня, як сьцьвярджаюць крыніцы інфармацыйных агенцтваў, дзеяньне закону будзе распаўсюджвацца на дзеяньні судоў, у якіх Расея ня ўдзельнічае, і кампэтэнцыя якіх не заснаваная на міжнародным дагаворы з Расеяй або на рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН.

Крыніца агенцтва «Інтэрфакс» адзначыла, што праект прадугледжвае зьмены ў фэдэральныя законы «Аб грамадзянстве» і «Аб абароне». Зьмены прадугледжваюць, у тым ліку, «магчымае экстэрытарыяльнае выкарыстаньне паводле рашэньня прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі фарміраваньняў Узброеных сіл для абароны грамадзян Расейскай Фэдэрацыі».

Расейская служба Радыё Свабода нагадала, што ў канцы сьнежня 2025 году Ўладзімір Пуцін падпісаў закон, які прадугледжвае адмову Расеі ад выкананьня пастаноў замежных крымінальных судоў, а таксама міжнародных судовых органаў, чыя кампэтэнцыя не заснавана на дагаворы з краінай або рэзалюцыі ААН.

Кіраўнік праўленьня Асацыяцыі юрыстаў Расеі Ўладзімір Грузьдзеў удакладняў, што гэты закон будуць выкарыстоўваць, напрыклад, датычна да выракаў Міжнароднага крымінальнага суда і магчымага трыбуналу па Ўкраіне.

Раней Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэры на арышт прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна і пяці іншых расейцаў за незаконны вываз дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ААН прызналі перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей у Расею і Беларусь злачынствам супраць чалавечнасьці