Былыя палітзьняволеныя беларускі ствараюць арганізацыю дапамогі «Побач»

Вольга Філатчанкава, архіўнае фота

Пра ініцыятыву стварыць арганізацыю былых палітзьняволеных жанчын зь Беларусі яны публічна заявілі ў Інстаграме.

Адна з заяўніц — Вольга Філатчанкава — да арышту ў 2020 годзе выкладала ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Цяпер яна жыве ў Варшаве і кажа, што на сабе адчувае патрэбы беларускіх жанчын, якія прайшлі празь беларускія вязьніцы і ад перасьледу мусілі зьехаць у іншыя краіны.

Таму і было вырашана стварыць «бясьпечную прастору для падтрымкі жанчын-палітзьняволеных».

«Чаму толькі жанчын? Пагадзіцеся, у жанчын ёсьць спэцыфічныя праблемы, адрозныя ад мужчынскіх, хаця ў перажытым і шмат агульнага. Мне падаецца, арганізацый былых палітвязьняў сапраўды хапае, разавай дапамогай тыя, хто прыяжджае зь Беларусі, добра ахопленыя, — але найбольш цяжкія праблемы ўзьнікаюць потым. І дзяўчаты як адна прызнаюцца, што „дах едзе“.

Вось такіх, хто пацярпеў і шукае найперш маральнай падтрымкі, мы і паспрабуем абʼяднаць. А каму больш за іншых давяраеш, як ня тым, з кім пражыў самы складаны пэрыяд? Тым, хто быў і застаецца побач», — патлумачыла Вольга Філатчанкава.

Сама Вольга Філатчанкава была асуджаная на 2,5 году зьняволеньня паводле 342 артыкулу за ўдзел у беспарадках. Адбывала пакараньне ў жаночай калёніі № 4 у Гомлі. Выйшла на волю ў канцы 2022 году і зьехала зь Беларусі.

Паводле яе, вакол ініцыятывы «Побач» ужо згуртаваліся каля 30 такіх жа палітычных уцякачак зь Беларусі, і жывуць яны ня толькі ў Польшчы. Збольшага ўжо падрыхтаваны статут арганізацыі, цягам паўгоду яны разьлічваюць атрымаць рэгістрацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бачныя», «Ружовыя хусткі», Акадэмія жаночага палітычнага лідарства. Расказваем пра найважнейшыя жаночыя праекты 2025-га

«Побач» зоймецца псыхалягічнай дапамогай былым зьняволеным жанчынам, будзе аказваць ім кансультацыі, праз розныя праграмы дапамагаць у інтэграцыі ў краінах знаходжаньня, разьлічвае стаць своеасаблівым клюбам па інтарэсах.

«Думаем нават над такім кірункам, як дапамога ў пазбаўленьні ад залежнасьцяў, што перашкаджаюць жыць і адчуваць сябе шчасьлівай. Да некаторых такія залежнасьці з былога жыцьця, на жаль, тут вяртаюцца, таму і ёсьць патрэба сумесна даць ім рады», — апавяла Вольга Філатчанкава.

Паводле яе, арганізацыя ня будзе займацца палітыкай.

«Сацыяльных праблемаў абмінаць ня будзем. Прыкладам, ужо ёсьць дзяўчаты, якія заклапочаныя сытуацыяй з нашымі пэнсіянэркамі, думаюць, як ім дапамагчы.

Яшчэ ёсьць такі кірунак, як дапамога з вэрыфікацыяй былым палітзьняволеным жанчынам. Мы ж адна адну добра ведаем, хто дзе сядзеў і, галоўнае, як сядзеў.

А вось палітычнымі ініцыятывамі пакуль займацца не плянуем, хаця кожная з нас па ўласным жаданьні зможа далучацца да любой палітычнай плыні — у статуце такіх забаронаў не плянуецца», — сказала Вольга Філатчанкава.

Яна кажа, што «Побач» адкрытае да супрацоўніцтва зь іншымі ініцыятывамі і арганізацыямі: «Бо разам нават цяжкія справы рабіць значна прасьцей».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З 2020 года мінімум 1917 жанчын асудзілі па палітычна матываваных крымінальных справах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі цемру бачу». Палітвязень Вацлаў Арэшка амаль страціў зрок у зьняволеньні